Бярозчын пачастунак
Вторник, 16.04.2019 07:21. Рубрика: Вершы
Глянь,
З бярозкі
Льюцца слёзкі.
Ды чаму салодкія?
Бо частуе ўсіх бярозка
Слёзкамі
З ахвоткаю.
Пад латак
Падстаў на ранку
Збан, і сам прыслухайся:
Пад салодкую марзянку
Ўраз мінецца скруха ўся.
Крап-крап-кроплі
Б’юцца ў донца,
Звонка, не змаўкаючы, –
І салодкім стала сонца,
Ў збан твой заглядаючы.
Лье бярозка
Не, не слёзкі –
Смачныя гарошыны,
Бо бярозка,
Бо бярозка
Любіць вас, харошыя!
Ну, а вы,
Хто з вас прызнае,
Што не быў свавольнікам,
І чаму краса лясная –
З абламаным голлейкам?
Мікола Чарняўскі