Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Мінск — сэрца Беларусі,
сталіца, галоўны горад.
Як жа я зайздрошчу воблакам,
журавам, лебедзям, чайкам —
яны бачаць Мінск з вышыні.
Сонечныя промні ў ім —
праспекты, вуліцы, плошчы.
Блакітны купальскі вянок —
рака Свіслач ды яе прытокі
Лошыца, Няміга, Сляпня.
А яшчэ — Мінскае мора,
Камсамольскае возера.
У зялёных мундзірах —
алеі, паркі, скверы.
Калі зірнуць на Мінск
вокам мастака, то убачыш
усе колеры нябеснай вясёлкі.
Старажытны і малады Мінск
па сваёй велічы і красе
не ўступае ўсім гарадам свету.
Кожны дзень тысячы юных мінчан,
дзетсадаўцаў, вучняў, студэнтаў
запаўняюць свае вучэльні,
ідуць на стадыёны, у басейны,
у тэатры, музеі, палацы.
Рыхтуецца да жыцця новае пакаленне.
А іх бацькі здзіўляюць свет
умельствам рабіць цуды —
трактары, аўтамабілі, гадзіннікі,
тканіну, абутак, цукеркі…
У сэрцах, у душах людзей
гучыць песня-прызнанне,
якую стварылі паэт-франтавік
Пімен Панчанка,
дзіця вайны, кампазітар
Ігар Лучанок.
Два народных творцы падарылі
мінчанам мелодыю любові :
Мой родны Мінск
Пад небам жураўліным
Жыві, квітней пад зоркай залатой.
Ты для мяне на ўсёй зямлі адзіны,
цябе люблю я ўсёй душой…
Дарагі дружа! Па Мінску можна вандраваць на метро, аўтобусах, тралейбусах, трамваях, таксі. А найлепш — пешшу. Тады больш чаго ўбачыш, запомніш, адкрыеш.
Дамашняе заданне:
- Якія помнікі ўстаноўлены ў г. Мінску? Пералічыце, напішыце, што ведаеце пра іх.
- Дзе ў сталіцы павінен пабываць кожны беларус?
- Як даўней называўся Мінск? Чаму?
- Адгадайце, якія аб’екты Мінска пазначаны на карце нумарамі?
УВАГА! Хто правільна і найбольш поўна адкажа на пытанні, атрымае ад пісьменніка Уладзіміра Ліпскага кнігу “Мая Беларусь” з аўтографам. Для гэтага трэба быць падпісчыкам “Вясёлкі”. Дашліце ў рэдакцыю копіі квіткоў. Пераможцам можа быць і асобны клас ці ўся школа.