Больш чым кнігі
У лютым у Беларусі праходзіць Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, дзе збіраюцца разам дарослыя і
юныя чытачы, пісьменнікі, выдаўцы, госці з розных краін. 5 дзён, больш за 30 краін свету, 61 тысяча гасцей!.. Гэта сапраўднае свята кнігі, і ты, дарагі дружа, канечне ж, наведаў яго са сваімі бацькамі, сябрамі, настаўнікамі, і дазнаўся шмат новага і цікавага.
Вясёлкаўцы сумесна з сябрамі — выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” — узялі ўдзел у выставе-кірмашы і прадставілі часопісы “Вясёлка”, “Буся” і “Домік” на стэндзе, а таксама на дзіцячай пляцоўцы. Правялі інтэрактыўную гульню “Буквару 400 гадоў”, расфарбавалі разам з юнымі мастакамі і мастачкамі маляванкі пра Бусю-чэмпіёна, прачыталі вершы, паразгадвалі загадкі, падарылі шмат яркіх і прыгожых часопісаў зацікаўленым чытачам.
На сваёй творчай сустрэчы галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі распавёў школьнікам, настаўнікам, іншым наведнікам выставы-кірмаша пра новыя кнігі “Мая Беларусь” і “Цар”. Былі агучаны вершы, паказаны фотаздымкі і невялікі біяграфічны фільм пра Уладзіміра Сцяпанавіча — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старшыні Беларускага дзіцячага фонду, і галоўнае — лепшага сябра дзяцей. Юныя ўдзельнікі віктарыны, якую правяла вядучая імпрэзы, намеснік галоўнага рэдактара “Вясёлкі” Анастасія Радзікевіч, атрымалі прызы.