Заяц і Вожык
Спектакль для лялечных тэатраў
СЦЭНА 1
Заяц (ходзіць па сцэне, пахваляецца). Я вясёлы заяц Хвац, самы смелы, самы дужы, самы прыгожы, самы багаты. Нікога роўнага мне няма.
Вожык (выходзіць на сцэну). Прывітанне, Заяц.
Заяц (ганарыста). А ты хто такі, каб я вітаўся з табою?
Вожык. (спакойна). Я проста Вожык, толькі ветлівы, у адрозненне ад цябе.
Заяц (здзекліва). Каму твая ветлівасць патрэбна? Галоўнае — ведаць сабе цану і мець грошы.
Вожык (памяркоўна). Гэта, вядома, някепска — ведаць сабе цану. Але ветлівасць, кажуць, горы можа зрушыць.
Заяц (фанабэрыста). Не вучы мяне жыць, і я не скажу, куды табе трэба ісці.
Вожык (здзіўлена). Цікава. Куды ж мне, на тваю думку, трэба ісці?
Заяц (са злосцю). Ідзі ты, Вожык, лесам да чорта!
Вожык (пакрыўджана). Эх, Заяц, шкада мне цябе. Жыццё яшчэ цябе навучыць.
Заяц (з грубым смехам). Сябе пашкадуй, калючы мячык!
(Вожык выходзіць са сцэны)
Заяц (адзін). Я вясёлы смелы Заяц, сам сабой я даражу. І куды я так спяшаю, я нікому не скажу!
(Спатыкаецца, крычыць). Вой, вой, як лапка баліць! Мабыць, зламаў. Як жа мне да хаткі цяпер дабрацца? (Плача).
(Праходзіць міма Вожык, Заяц яго кліча):
Заяц (са слязамі). Вожык, пачакай. Я, здаецца, нагу зламаў!
Вожык. Ты ж мне сказаў ісці лесам, вось я і тупаю сабе паціхеньку.
Заяц. Дык дапамажы мне, я табе грошы дам.
Вожык. За грошы ветлівасць не купіш.
Заяц. Далася табе тая ветлівасць. Колькі ты за яе хочаш?
Вожык. Эх, Заяц, нічога ты так і не зразумеў. Ну, бывай здаровы.
Заяц (спалохана). Пачакай! А мне што рабіць?
Вожык. Ты ж ведаеш сабе цану, вось і купі дапамогу.
Заяц. Дык ты ж грошы не бярэш! У каго яшчэ яе тут купіць магу?
Вожык. Можа, хто будзе праходзіць міма.
Заяц. Калі?!
Вожык (спакойна). Адкуль я ведаю, калі? Я ж не экстрасэнс. Можа, сёння, можа, заўтра, а можа, і праз тыдзень.
Заяц (спалохана). Як праз тыдзень??? Я ж памру ад голаду і холаду. Дапамажы мне, ну… калі ласка!!!
Вожык. А ты, аказваецца, ветлівыя словы ведаеш. Ну, добра, дапамагу. Але я адзін не спраўлюся, наадварот, яшчэ і калючкамі сваімі цябе параню. Пачакай крыху, пайду шукаць дапамогі.
Заяц (шчыра). Дзякуй, шчыры дзякуй, толькі не доўга, калі ла-а-а-аска.
Вожык. Добра-добра, пастараюся. (Да гледачоў). Бач ты яго, і шчырым можа быць. (Выходзіць).
Заяц (адзін). Вой, як баліць лапа невыносна. За што мне гэта ўсё? За што?
Варона (з’яўляецца над дахам батлейкі). Кар-кар! За тое, што толькі сябе любіш, а іншых крыўдзіш. Кар! Кар!
СЦЭНА 2
Заяц (адзін). Мабыць, мяне пакараў звярыны Цар. Век яму маліцца буду і характар памяняю, толькі б выбрацца з гэтай сітуацыі. Леў-цар, прабач мне, дапамажы.
(Выходзяць дзяўчынка Алеся, Вожык і хлопчык Янка)
Вожык. Вось людзей прывёў табе на дапамогу.
Алеся. Зайчык, як жа гэта здарылася?
Янка (спачувальна). Моцна лапка баліць?
Заяц. Вой, моцна-а-а-а-а. Скакаў, спатыкнуўся… і бац! Не ступіць!
Алеся. Дай я гляну… (Нахіляецца). Прыпухла лапка. Мабыць, пералом.
Янка. А можа, проста вывіх?
Алеся. Не думаю… У любым выпадку, трэба да доктара неяк дабірацца.
Янка. Давай возьмем яго пад лапкі, ён на нас абапрэцца і так на адной лапе і дапрыгае.
Заяц. Вядома, дапрыгаю. Толькі не пакідайце мяне.
Вожык. Бачыш, Заяц, не заўсёды грошы ўсё рашаюць. Зразумеў?
Заяц. Зразумеў. Канечне, зразумеў. Добрае сэрца людзей даражэй за ўсё!
Вожык. Вось-вось. Запомні: не той харошы, хто багаты і прыгожы, а той харошы, хто на добрую справу гожы.
Алеся. Хадзем у лясную бальніцу, а то хутка сцямнее.
Вожык. Шчаслівай вам дарогі!
(Адзін на сцэне)
Бачыце, паважаныя гледачы, слова здольна тварыць цуд. Праўду людзі кажуць: шануй другіх, то і цябе пашануюць. Сапраўды, калі робіш дрэннае для іншых, то робіш дрэннае і для сябе. Пайду я сваёй дарогай. А вы думайце, думайце і разважайце… Дай Бог вам розум мець.
Казка-п’еса Лялечнага тэатра-батлейкі “Беларуская хатка”
ДУА “Сярэдняя школа № 10 г. Салігорска”
(кіраўнік: бібліятэкар А.У. Лаўдоўская)