Бусева кнігарня
Дружа, ці любіш ты казачныя гісторыі? Пэўна ж, так! Тады табе прыйдзецца даспадобы новая кніга — яркая, прыгожая і вясёлая. Дзевяць фантастычных аповедаў дорыць табе добры сябар дзяцей, пісьменнік Васіль Дранько-Майсюк. Аформіла кнігу вядомая мастачка Аксана Аракчэева.
З кнігі “Таямніцы нашага садка” ты даведаешся, як знайсці новых сяброў і пабудаваць разам з імі высокую-высокую вежу з кубікаў, каб яна не развалілася. Як навучыцца размаўляць на мове цацак, як быць добрым і шчодрым, а не крыўдлівым і сквапным. На старонках ты сустрэнеш чароўных феяў, рака-вусача, прынца і прынцэсу, шакаладных русалак, гномаў і яшчэ розных цікавых істот. Напрыклад, вушастага Бурыдуса.
“— Калі дзеці засынаюць, іхні сон вартуе вушасты Бурыдус. Ён вясёлы, кругленькі. Вушы, як у зайца, поўсць, як у льва. Сам увесь ярка-аранжавы. Бегае, скача, ловіць Жахлікаў і выкідае за межы сноў. Гора таму, чый Бурыдус прападзе. Тады ніякай рады Жахлікам не дасі”.
“Таямніцы нашага садка” цікавыя дзецям ад пяці да ста пяці гадоў — так напісана ў кнізе. Далучайся і ты да цудоўных гісторый!