Вершы Расціслава Бензерука
Понедельник, 25.03.2019 06:21. Рубрика: Вершы
Не палохай, зіма!
Люты студзіць і пужае,
Снегу скрозь багата,
Ды дарэмна не пускае
Дзетак з цёплай хаты.
Не палохай нас, зіма:
Баязліўцаў тут няма!
Хто з канькамі, хто на лыжах,
Хто гуляе ў снежкі,
А мы з Ганначкай і Мішам
Пратапталі сцежку,
Каб уранку дзед Максім
Змог па вуліцы прайсці.
Замкі
Трэба замак –
на замок,
каб у замець
не замок.
Не замок,
не занямог,
каб стаяць
стагоддзі
мог.
Замкі –
варта на зямлі –
аж да нашых дзён
дайшлі.
Як дазор,
стаяць муры
ў Гродне,
Косаве,
Міры.