Зайкава хатка
Беларуская народная казка
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
А п а в я д а л ь н і к
З а й к а
Л і с а
С а б а к а
В о ў к
М я д з в е д з ь
П е в е н ь
А п а в я д а л ь н і к: Жылі-былі Ліса ды Заяц. У лісы была хатка са сняжку, а ў зайкі з пяску. Прыйшла вясна, прыгрэла сонейка, Лісіная хатка растала, а Зайкава стаіць, як стаяла. Так і прагнала яна Зайчыка з хаткі. Ідзе зайчык па лесе і горка плача. Бяжыць міма сабака.
С а б а к а: Чаго ты, Зайка, плачаш?
З а й к а: Была ў мяне хатка з пяску, а ў Лісы з сняжку. Прыйшла вясна, яе хатка растала. Папрасілася яна да мяне пажыць, а потым выгнала мяне з дому.
С а б а к а: Не плач, Зайка, я табе памагу.
А п а в я д а л ь н і к: Падышла Сабака да Зайкавай хаткі.
С а б а к а: Гаў-гаў! Ідзі, Ліса, прэч!
Л і с а: Ой, Сабака, сцеражыся, мой хвост як дубец — як дам, дык будзе табе канец!
А п а в я д а л ь н і к: Спалохаўся Сабака і ў лес уцёк. Сустракае Зайчык Ваўка.
В о ў к: Ты чаго, касы, плачаш?
З а й к а: Як мне не плакаць?! Была ў мяне хатка з пяску, а ў Ліса з сняжку. Прыйшла вясна, яе хатка растала. Папрасілася яна да мяне пажыць, а потым выгнала мяне з дому.
В о ў к: Не плач, Зайка, я гэтую ліхадзейку выганю.
А п а в я д а л ь н і к: Падышлі яны да хаткі.
В о ў к: Уыыыы… уыыыы! Ідзі, Ліса, прэч!
Л і с а: Ой, Воўк, сцеражыся, мой хвост як дубец — як дам, дык будзе табе канец!
А п а в я д а л ь н і к: Спалохаўся Воўк і кінуў зайку самога. Сеў Зайчык на пянёк і горка плача. Ішоў міма мядзведзь.
М я д з в е д з ь: Чаго ты, Зайчык, так горка плачаш?
З а й к а: Як мне не плакаць?! Была ў мяне хатка з пяску, а ў Ліса з сняжку. Прыйшла вясна, яе хатка растала. Папрасілася яна да мяне пажыць, а потым выгнала мяне з дому.
М я д з в е д з ь: Не плач, Зайка, я гэтую нахабніцу выганю!
А п а в я д а л ь н і к: Пайшлі яны да Зайкавай хаткі.
М я д з в е д з ь: Ррррр… Ррррррр! Ідзі, Ліса, прэч!
Л і с а: Ой, касалапы, сцеражыся! Мой хвост як дубец — як дам, дык будзе табе канец!
А п а в я д а л ь н і к: Спалохаўся Мядзведзь і даў драпака. А Зайчык горш, як раней плача. Ідзе Певень з касой на плячы.
П е в е н ь: Чаго, Зайчык, гаруеш?
З а й к а: Выгнала мяне Ліса з маёй хаткі.
П е в е н ь: Не пераймайся, даўгія вушы, я ашуканку выганю!
З а й к а: Не, не выганіш. Сабакі гналі — не выгналі, Воўк гнаў — не выгнаў, нават Мядзведзь гнаў, і той не выгнаў. Ты і пагатоў не выганіш.
П е в е н ь: А вось жа выганю!
А п а в я д а л ь н і к: Падышоў Певень да хаткі.
П е в е н ь: Я Пятух-чабятух, я пявун-лапатун! На шырокіх нагах, на высокіх пятах! Нясу касу на плячы, хачу Ліску засячы!
Л і с а: Ой, Певень, сцеражыся, мой хвост як дубец — як дам, дык будзе табе канец!
А п а в я д а л ь н і к: Певень як падскочыць да Лісы, як шугане касой!
П е в е н ь: Я Пятух-чабятух, я пявун-лапатун! На шырокіх нагах, на высокіх пятах! Нясу касу на плячы, хачу Ліску засячы!
А п а в я д а л ь н і к: Спалохалася Ліса і ўцякла, толькі пяты заблішчэлі. А Певень з Зайкам сталі разам жыць, не тужыць.