Бубнач
Четверг, 21.03.2019 11:55. Рубрика: Вершы
У дуплянцы-хаце
Жыў вясёлы дзяцел.
Дужа музыку любіў:
Ад світання ў бубен біў.
Стукне ўсмак разок-другі,
Быццам струмант правярае,
Чуе: моцны гук, тугі, —
Вось тады ўжо і зайграе.
Як ударыць, як утне
Моцнай дзюбай па сасне,
Ды яшчэ раз, ды яшчэ
З-за пляча як упячэ,
Тарарахне, — ну якраз
Тут і сола вам і джаз.
Аж прачнуліся вароны,
Тлумна ўселіся на кроны,
Прахапіліся дразды:
— Ты ж усім адбіў глузды, —
Сталі дзятла папікаць, —
Хоць хвілінку дай паспаць!..
Дзяцел адвярнуўся,
Сам сабе ўсміхнуўся:
“Пачакайце, зараз дам —
І варонам, і драздам!”
І падвоіў намаганні —
З караедамі змаганне:
Трэба, трэба ў бубен біць,
Каб сняданак раздабыць.
І пакуль ён харч здабудзе,
Знае кожны: слухаць будзеш —
Хоць ты смейся хоць ты плач …
Развясёлы быў бубнач!..