Вершы Вольгі Любашынай
Среда, 20.03.2019 08:00. Рубрика: БУСЯ
Светачка
У маленькай Светачкі
Сарафан — у кветачкі,
На касічках — банцікі,
А ў кішэнях — фанцікі.
Да сяброўкі Верачкі
Несла тры цукерачкі.
Адпачыць на лаўку села
Ды цукеркі тыя з’ела.
Незвычайнае кураня
У бабулі кураняты,
Дружна бегаюць ля хаты.
Дзень, другі… і так штодня.
Ды адно вось кураня —
Не ля курыцы, ля качкі.
Спіць у будцы для сабачкі.
Есць з талеркі той, што кот,
І гуляе ля варот.
Анічога не баіцца.
Ну і як тут ні дзівіцца?
Белакрылы матылёк
Белакрылы матылёк
На агонь ляцеў здалёк.
Думаў ён: агонь — святло
І пяшчота, і цяпло.
Лапкі крыжыкам злажыў,
З іскрай весела кружыў.
Белакрылы матылёк
Крыльцы нежныя апёк,
Бо забыўся ён аб тым,
Што агонь бывае злым.