Вершы Іны Зарэцкай
Малявала зіма
Неабдымныя горы высокія,
У блакіце аблокі далёкія
Малявала мастачка зіма
У шырокай манеры пісьма.
Неабсяжны далёкі прастор,
Вышыня, прыгажосць, веліч гор,
Гімн прыродзе і колераў спеў —
Геніяльны, сапраўдны шэдэўр!
У зайцовай хатцы
Прыйшла зіма! Мароз і сцюжа!
Завея снег да неба кружыць.
Тут, у зайцовай хатцы,
Грызуць капустку зайцы.
Ляжаць яны на печы
І грэюць лапкі, плечы.
І слухаюць казкі бабуліны
І калыханкі матуліны.
Снегіры
Ўжо адляцелі ў вырай птушкі
Далей ад лютых маразоў,
А верабейкі ля кармушкi
У госці прымуць снегіроў.
Яны з далёкага паўночча
Ляцяць да нас і ўдзень, і ўночы.
Бо на радзіме снегіроў
Больш халадоў і маразоў.
І наша лютая зіма
Для снегіроў, нібы вясна.
У нас узімку пагасцяць
І на радзіму паляцяць.
Іна ЗАРЭЦКАЯ