Вожыкі. Гісторыя першая
Стэфан і Зюзя
Узлесак маўчаў. Паўсюль ляжаў снег. Сосны, елкі, дубы паўбіраліся ў белыя шапкі і кажухі. Старую яблыню-дзічку таксама ахутаў снег. Пад яблыняй жыла сям’я Вожыкаў: тата Рыгор, мама Агнія і іх сын Стэфан. Ты не бачыў вожыкаў?! Гэта такія невялічкія звяркі. На спіне ў іх іголачкі, на якіх яны носяць шмат цікавых і карысных рэчаў. Яблыкі, лісце, галінкі, хвою і шмат чаго іншага. Ці ведаеш, чым занятыя вожыкі ў сярэдзіне зімы? Яны мірна спяць пад коўдрай з кляновага лістка і смешненька пасопваюць сваімі даўгімі носікамі. Вожыкі кладуцца пасля першых замаразкаў і могуць праспаць да позняй вясны. Але што гэта за гук? Нехта плача? Важанятка захныкала ўва сне. Пэўна, прысніла нешта непрыемнае.
Стэфан расплюшчыў вочы. Навокал было цёмна, хоць вока выкалі. Маленькі вожык падняўся з ложку і стаў шукаць шклянку са светлякамі. Ён ступіў кудысьці і перакуліў зэдлік, ледзь не паляцеў, напароўшыся на стол. Нарэшце намацаў паліцу са слоікамі і дастаў патрэбную шклянку.
Пакуль бацькі спяць, можна пагуляць у двары. Важычаня адчыніла дзверы і застыла на месцы. Перад ім была белая сцяна. Малы ніколі не бачыў снегу і вельмі спалохаўся. Ён падумаў, што надышоў канец свету. Стэфан зачыніў дзверы. Устаўшы на зэдлік, вожык зазірнуў у маленькае аконца пад столлю. На дварэ ўсё было белым-белым. Малы адчыніў шыбу і сігануў вонкі. Ён мякка плюхнуўся на снег і адразу ж заверашчаў. Снег быў калючы і апякаў лапкі. А самае галоўнае, што вожык не пазнаваў той пейзаж, да якога прывык. Навокал усё здавалася такім незвычайным і чароўным, як у казцы.
Гэтая прыгажосць зачаравала Стэфана і ён вырашыў прайсціся. Вожык ішоў і кожны раз дзівіўся ўбачанаму. Дрэвы і кусты немагчыма было пазнаць. Вожык заглыбляўся ў лясны гушчар і сам не заўважыў, як далёка зайшоў.
Стэфану захацелася дамоў і ён павярнуў назад. Але куды ісці ён не ведаў. Вожык спалохаўся і кінуўся ў адзін бок, потым у другі. Зразумеўшы, што заблукаў, ён закрыў пыску азяблымі лапкамі і расплакаўся. Раптам зусім побач заскрыпеў снег. Вожык расплюшчыў вочкі і ўбачыў перад сабой вялізнага незнаёмца. Босымі нагамі ён стаяў на снезе. Доўгая сівая барада спадала амаль да зямлі. Незнаёмец быў апрануты ў белы кажух, а ў руцэ трымаў срэбную булаву.
— Што, маленькі, заблукаў? — гучным, але ласкавым голасам спытаў ён.
— Аг-г-га, — застукаў зубамі Стэфан.
— Ну, хадзем дамоў, Стэфане. А то маленькаму вожыку небяспечна такой парой гуляць па лесе аднаму. Сядай, маленькі.
Дзіўны дзядок узяў важычаня на рукі і панёс. Калі яны апынуліся каля роднай яблыні, тата Рыгор і мама Агнія ўжо мітусіліся вакол яе і шукалі свайго сыночка.
— Трымайце вашага свавольніка, — прамовіў сівы незнаёмец.
— Дзякуй табе, Зюзя, за нашага малыша! Мы ўсе вочы праглядзелі! — падзякаваў тата Рыгор.
— Дзякуй! — ледзь не плачучы сказала мама Агнія.
Сапраўды, маленькі вожык сустрэўся з Зюзяй, гаспадаром завірухі і маразоў. Зюзя развітаўся з калючым сямействам і пайшоў сваёй дарогай.
А бацькі занеслі Стэфана ў хату і ўхуталі пледзікам з лісця вярбы. Вожыка накармілі сушанымі хрушчамі і чарвячкамі.
Маленькі заснуў на руках у матулі. Яна паклала яго ў ложачак. І ў хаце зноў стала цёмна і ціха. Вожыкі спалі. Спала ўсё навокал. У лесе панавала зіма. І Зюзя.
Гісторыю другую можна пачытаць ТУТ