Шчаслівая кніга
Дзяўчынка Вераніка прыехала ў госці да сваёй стрыечнай сястры Карыны, з якой не бачылася два гады.
— Пойдзем! — паклікала Карына. — У мяне шмат новых цацак!
Дзяўчынкі прыбеглі ў яе пакой. Цацак сапраўды шмат. На паліцах сядзелі лялькі, на фатэлі месціліся мядзведзяняты, на падаконні ў празрыстым акварыуме жылі русалкі, у куце стаяў вялікі лялечны домік…
–– Гэта мае скарбы! — усміхнулася Карына. — Ну, з чым пагуляем?
— Проста вочы разбягаюцца! — прызналася Вераніка.
Разглядаючы паліцы, дзяўчынка зняла свой заплечнік і паставіла на крэсла, але той не ўтрымаўся і зваліўся. З заплечніка выпала кніга.
— І ў мяне такая ёсць! — сказала Карына, зірнуўшы на вокладку.
— Ага, я табе на дзень народзінаў падарыла, – пацвердзіла Вераніка.
— Толькі мая зусім па-іншаму выглядае! – зморшчыла прыгожы носік Карына.
Яна падсунула крэсла да шафы і зняла такую ж кнігу з самай верхняй паліцы, на якой у кутку сіратліва стаяла яшчэ некалькі новенькіх кніжак.
Дзяўчынкі паклалі свае аднолькавыя кнігі побач на стол.
— Бачыш, якая мая прыгожая! Новая, чыстая, бліскучая! – пахвалілася Карына. – А твая зашмальцаваная, вокладка пакасілася, старонкі шэрыя сталі!
Вераніка не паспела адказаць, бо мамы паклікалі іх абедаць. Дзяўчынкі пабеглі.
— Няшчасная мая сястрыца! – усхліпнула бліскучая чыстая кніга. – Як дрэнна ты выглядаеш! Як мне шкада цябе! У адзін дзень мы былі надрукаваны, разам трапілі на паліцу кніжнай крамы, нас разам купілі. Толькі далей нашы лёсы розныя. Я захавалася як новенькая! Я – шчаслівая кніга! Мая гаспадыня не шпурляла мяне, не пэцкала старонкі. Я стаю высока на паліцы і аглядаю пакой, назіраю за гаспадыняй, якая любіць гуляць з цацкамі. А табе, беднай, мабыць, такое давялося перажыць! Мне і ўявіць цяжка!
— Што ты, дарагая сястра! – адгукнулася зашмальцаваная кніга. – Я таксама шчаслівая!
— Ты? Шчаслівая? – здзівілася бліскучая прыгажуня.
— Вельмі! Я – самая любімая кніга маёй гаспадыні. Яна перачытвала мяне столькі разоў, што я і падлічыць не магу! Думаю, Вераніка ўвесь мой тэкст на памяць ведае, але ўсё роўна перачытвае. За тыя два гады, што мы разам, я шмат разоў падарожнічала з ёй па Беларусі і нават лятала далёка-далёка.
— Лятала?! Яна шпурляла цябе?! – перажывала за яе сястра.
— Не! — засмяялася тая. — Проста Веранічка брала мяне ў адпачынак на Міжземнае мора.
— А дзе гэта? — зацікавілася прыгажуня.
Тут скрыпнуў глобус, які стаяў на стале непадалёк:
— Гэта наша Беларусь, а Міжземнае мора — вось!
— Нішто сабе! — ад здзіўлення бліскучая вокладка некалькі разоў прыпаднялася і апусцілася, быццам хацела таксама паляцець на тое мора.
— Так, мы зайшлі ў самалёт, селі і ён панёс нас высока-высока ў неба! – расказвала кніга. – Веранічка крыху баялася, але як толькі яна дастала мяне і пачала чытаць, то на ўсё свае страхі забылася. Мы цудоўна дабраліся, бо час, які мы праводзім разам заўсёды пралятае непрыкметна.
— Раскажы, якое яно, мора! — гэта ўжо прасілі лялькі з паліц.
— Вялікае-вялікае, сіняе-сіняе і вельмі салёнае, – адказала кніга.
— Ты ў яго падала? Адкуль ты ведаеш, што яно салёнае? – запыталіся мядзведзяняты.
— Не! – усміхнулася кніга. – Проста Вераніка брала мяне на пляж і пасля купання ў моры гартала мае старонкі яшчэ крыху вільготнымі пальчыкамі. Мы ляжалі пад вялікім парасонам, грэліся на сонейку, слухалі шэпат марскіх хваляў, а я каторы раз распавядала сваёй гаспадыні цікавыя гісторыі, якія напісаны на маіх старонках.
— Як хораша там! – цяпер да размовы далучыліся і русалкі, што жылі на падаконні. – Мы ніколі мора не бачылі, а ты пабывала там.
— Дзе ты яшчэ была? – пацікавілася прыгажуня.
— Я пабывала ў гасцях ва ўсіх сяброў Веранікі, – распавядала далей кніга. – А як жа інакш? Мая гаспадыня так захапляльна расказвала пра мяне, што кожнаму захацелася прачытаць. Яна давала мяне ім, але прасіла быць акуратнымі. Мне заўсёды радасна вяртацца дадому, бо Вераніка так цёпла сустракала мяне! Я і ў школу з ёй хадзіла, калі настаўніца прасіла прынесці сваю любімую кнігу. Мы заўсёды разам, таму я рэдка стаю на паліцы, а больш падарожнічаю ў яе заплечніку. Вось і зараз я тут і вельмі рада зноў пабачыцца з табой, сястра.
Стала ціха. Цацкі і кніга-прыгажуня задумаліся. Яны, пэўна, хацелі сказаць яшчэ нешта, але вярнуліся дзяўчынкі. Карына зняла з паліцы ляльку, а Вераніка ўзяла ў рукі сваю кнігу і запыталася:
— Якая гісторыя з гэтай кнігі табе падабаецца больш за ўсё?
Карына разгублена ўсміхнулася:
— Ды я чамусьці так і не пачала пачытаць.
— Не дзіўна! – шчыра сказала Вераніка. – Паставіла яе на самы верх і забылася. Ты проста не ўяўляеш, якая гэта цікавая кніга! Там такія захапляльныя і вясёлыя гісторыі пра класавічкоў, якія жывуць у школьных кабінетах.
— Абяцаю, сёння ж вечарам пачну яе чытаць, — паабяцала Карына.
Парадавалася за сястру любімая кніга Веранікі. Тая ў адказ бліснула вокладкай і прашаптала:
— Кожная кніга хоча быць шчаслівай! Няхай чытачы памятаюць пра гэта!