Чырвоная вавёрка
Герб Вялікай Бераставіцы ўяўляецца мне каралеўскім палацам для Вавёркі. Яна сядзіць на зялёным троне, які змайстравала з маладой травы ці густых галінак ельніка. Вакол яе — срэбнае поле. Сама яна ў чырвоным уборы, святочная і лагодная, як бы працягвае лапкі для прывітання і кажа: “Цалуйце ручкі, бераставічане, я ваша пані Гісторыя, я ваша пані Дабрыня”. І гербавай Вавёрцы верыш, бо над ёй — залатая карона, якой некалі ўшаноўваліся знакамітасці.
Амаль усе гарады Беларусі маюць свае гербы. Нават малыя, старажытныя пасяленні адзначаны сваімі сімваламі: Косава, Лагішын, Малеч, Шарашова, Копысь, Янавічы, Васілевічы, Стрэшын, Гарадзея…
У гербах, калі ўважліва ўглядзецца, адлюстравана наша гісторыя, асноўныя рысы мясцін, дзе здаўна жывуць беларусы. Давайма, дружа, пашукаем адказы, “пачуем”, што апавядаюць нам гербы Беларусі.
Дамашняе заданне:
- Знайдзі на карце Беларусі гарады, гербы якіх намаляваны.
- Паспрабуй разгадаць, чаму гэтыя знакі, сімвалы належаць гэтым пасяленням.
- Які герб ты прыдумаў бы для сваёй малой Радзімы, намалюй, апішы і дашлі ў “Вясёлку”.