Джаз
Казка-забаўлянка пра літары
Жылі-былі Д, Ж, З. Згуртаваліся ў дружны джаз.
Д дудзела на дудзе.
Ж іграла на жалейцы.
З званіла ў званы.
Дзень у дзень яны ігралі ў дзетсадзе, забаўлялі дзяцей. Ду-ду-ду, жы-жы-жы, зі-зі-зі. Ду-жы-зі, ду-жы-зі. Дужымі расціце, кожны дзень спіце…
Аднойчы Д, Ж, З запрасілі ў джаз блізкіх суседзяў — Е, Ё.
— Давайце разам дзінькаць, дзекаць, дзвынкаць.
— Екатаць, — дадала Е.
— Ёкаць, — далучылася Ё.
Зайграў ждаз. Зашоргала піла: дж-дж-дж. Загула пчала: дз-дз-дз. Заекаталі, заёкалі музыкі: е-е, е-е — е, ё-ё, ё-ё —ё!
Джаз разбудзіў дзяцей. Пачалі дзеці пазнаваць знаёмыя гукі. Дзіва! Дзесьці ў лузе драў горла дзяркач. Дрозд дрыжаў на дрэве. Дзюбаты дзяцел дзюбаў дуб. Завіруха жудасна завывала…
Дзеці дружна ўзяліся за рукі, жвава заскакалі, пад джазавую музыку заспявалі:
Жабка збірае журавіны,
Жменькай закідвае ў жбан.
Дзіма дзіўна дзеліць дыню,
Дзілі-дыню, дзілі-дан…
Джазам дырыжыравала Ё, бо яна ёг і ёсць у яе зыркія вочкі.
Да знямогі дурэлі дзеці. Джаз змоўк. Дзетсад — на замок.