Вершы Веры Бурлак
Вторник, 12.03.2019 07:44. Рубрика: Вершы
Я з’яўляюся ў акне.
Што было тут без мяне?
Па слядах на снезе ўнізе
Прачытаю, як у кнізе!
Дзве сцяжынкі
Што за дзіва?
Дзве сцяжынкі,
А з бакоў, нібы сняжынкі,
З дзіркай кожная ўнутры.
Гэта людзі ці звяры?
Можа, мыш ганяла галак?
Не! Сляды — ад лыж. І палак.
Чарадзейныя санкі
Капыты ды палазы —
Дзве даўгія паласы.
Ды няма слядоў людзей.
Мабыць, гэта чарадзей
Штось пад елку кінуў мне
— Ну, не можа быць, каб не!