Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Мая Беларусь!
На тваім зялёна-блакітным мундзіры
безліч знакаў даўніны,
шмат прыкмет сённешняй явы.
Гісторыю ды геаграфію тваёй красы
можна чытаць, вывучаць
па незвычайных сімвалах —
гербах гарадоў, мястэчкаў, вёсак.
Найстаражытны знак мае Полацк,
патрыярх пасяленняў беларускіх.
На блакітным шчыце —
пад колер нябёсаў, крыніц, васількоў —
па срэбных хвалях
плыве трохмачтавы карабель.
Яго белыя ветразі надзьмуты,
яго сцягі, нібыта лілеі,
у высі нябеснай бялеюць.
І лёгка ўяўляецца,
як па задумлівай Заходняй Дзвіне,
па даўнейшым водным шляху
“ з варагаў у грэкі”,
з Балтыйскага ў Чорнае мора
плывуць і плывуць караблі.
Святы і мужны Полацк
вітае гасцей з усіх валасцей.
А ворагаў, захопнікаў, акупантаў
Полацк бязлітасна тапіў
у сваёй дзіва Дзвіне…
Гербы маёй Беларусі!
Убачце ў іх белую стралу
з нацягнутай цецівой.
Палюбуйцеся залатым зубрам
на фоне зубчатай крэпасці.
Узыйдзіце на абарончую вежу,
якая стагоддзямі стаіць на зялёным узгорку.
Праляціце з срэбным буслом,
які трымае ў залатой дзюбе
дубовую галінку з жалудамі.
Зазірніце на залатое сонца
з вокам Божага блаславення.
Кіньце свае думкі
на крылы залатога млына.
Памаліцеся разам з Святымі —
Архангелам Гаўрыілам, Апосталам Пятром,
Прачыстай Дзевай Марыяй
ды з Самім Ісусам Хрыстом…
Колькі ж знакавых сімвалаў
у беларускіх гербах!
За кожным з іх —
наша Душа, наша Вера,
Любоў да Богам дадзенай зямлі.
На ёй жылі нашы прашчуры.
Ёю цешымся мы.
Тут уздымаеце крылы вы,
нашы наступнікі.
Слава Беларусі ва ўсе вякі!