Кошка-жартаўніца
Маленькую кошачку Анфісу прынеслі ў новы дом, калі ёй было два месяцы. Кацяня аказалася вельмі жвавым, гуллівым і гарэзлівым. Ішоў час, маленькая Анфіса паціхеньку пераўтваралася ў дарослую і разумную кошку. З узростам яна набывала хітрасць. Вельмі любіла Анфіса ўскочыць на шафу ці падаконнік і назіраць за тым, што ж такога цікавага робяць яе гаспадары. Аднойчы дзядуля, які часта забываў, куды паклаў свае акуляры, газету ці пульт ад тэлевізара, згубіў грошы.
— Іван, ідзі ў краму па хлеб. Грошы я пакінула на тумбачцы, — кажа баба Маня.
Пайшоў дзед у краму, прыхапіўшы тыя грошы. Вярнуўся ды пачаў глядзець тэлевізар. У гэты момант баба Маня клапацілася на кухні пра абед.
Час абедаць. Дзядуля і бабуля ядуць смачны суп, жуюць свежы хлеб, а кошка Анфіса пасёрбала малака і зашылася кудысьці.
— Ах! Забыліся смятаны купіць. Унукі ж прыедуць, трэба блінамі пачаставаць, — успомніла бабуля.
— Зараз зноў пайду, галава ты, два вухі! — адгукнуўся дзед і выйшаў з-за стала, пакіраваў да тумбачкі з рэштай, куды Іван, думаў, паклаў грошы з мінулай пакупкі.
— Маня, дзе грошы?
— Як дзе? Дзе паклаў, там і шукай, — адказала бабуля.
— Калі б бачыў, то не пытаўся б у цябе.
Паглядзеў у кішэнях — няма, зазірнуў у торбачку — зноў няма.
— Ну вось, акуляры губляў, газету губляў, а грошы яшчэ не! От, дзед, няма галавы на плячах, — кажа баба Маня.
— Я не згубіў. Прыйшоў з крамы і паклаў іх сюды, — настойліва паказвае дзед на тумбачку. — Можа, ты іх у партманэ засунула?
— Я ўвесь дзень на кухні тапчуся. Шукай грошы, ідзі зноў у краму.
Шукаў-шукаў дзед грошы, але ніяк не мог знайсці. Ужо лічыў, што жонка так здзекуецца з яго. Здаўся Іван, палез у сваю скарбонку, куды адкладаў драбніцу, і пайшоў па смятану.
Дома зноў сітуацыя паўтарылася. Зноў зніклі грошы. Дзед Іван ўсё ж лічыў, што баба Маня так жартуе, а баба Маня не ведала, што і рабіць. Увечары, калі ўнукі паехалі дамоў, а старыя клаліся адпачываць, пачуліся нейкі шоргат і звон. Гаспадары спачатку не надалі ўвагі, але з цягам часу гукі моцна раздражнілі іх.
— Іван, паглядзі, што там робіцца! Можа, наша Анфіска куды ўлезла.
Пайшоў дзед даведвацца наконт грукату. Запаліў святло ў суседнім пакоі і ўбачыў… Анфіса з-пад канапы дастае і зноў заганяе туды манеты і банкноты. Кошка вырачыла на дзеда вялікія круглыя вочы і замерла, чакаючы, што зараз дзед будзе лаяцца. Дзед Іван гучна паклікаў жонку, якая ўбачыла ўсё і толькі шчыра засмяялася:
— Вось яна ў нас якая! Вырашыла паздзекавацца са старых, каб сумна нам з табою не было! Кошка-жартаўніца!
Ганна ЛУКАШЭВІЧ
Очень хорошая сказка. Мне понравилась.