Бусел
Среда, 6.03.2019 14:49. Рубрика: Вершы
Яшчэ хмурыны ўвішна трусяць
Пярыны снежныя ўначы,
Ды ўжо з’явіўся ўцешны бусел,
Вясну на крылах несучы.
Зрабіў над дзічкай, дзе буслянка,
Ён прывітальны першы круг,
І згас пад крыламі на ранку
Апошні пошуг завірух.
Вясна! Бурліць яе разводдзе.
І нейкі тыдзень праміне —
І ўжо буслы ступаюць-ходзяць
Па чорнай прэлай баразне.
І лёт іх вольны, дужы, смелы
Шырока крылы распасцёр.
І на буслянцы — клёкат белы
Гучыць, асыпаўшы прастор.
І разам з птушкамі ў хаўрусе
Спяваюць нівы і лугі.
У небе роднай Беларусі
Буслам вадзіць павек кругі.