Знаходлівая Ганначка
— Ну, што б вы хацелі, каб я прыгатавала вам на сняданак? — пацікавілася ранічкай мама. — Сёння нядзеля, усе якраз дома, таму хачу пачаставаць вас, мае даражэнькія, вашымі любімымі стравамі. Прымаю заказы! Ну, хто першы?
— Я, я! — нават падняла ручку Ганначка і затупацела ножкамі.
— Слухаю цябе, дачушка.
— Хачу блінчыкаў з варэннем! Як той раз!..
— Выдатна! — сказаў тата. — А я тады — з тваражком!
На тым і пагадзіліся. Пакуль мама пражыла блінцы, тата глядзеў тэлевізар у зале, а малая сядзела за сталом на кухні і чакала свой заказ — як у сапраўдным рэстаране. Ну, а так проста глядзець на маму дзяўчынцы было сумна, вядома ж, і яна патрохі чэрпала лыжачкай з талерцы тваражок. І сама не заўважыла, як у той паказалася дно. Смачна ж!
А тут і тата падыходзіць.
— Ну, дзе мае любімыя блінчыкі з тваражком? — пытае ў маці, паціраючы далоні. — Не гатовы яшчэ?
А тая ўжо заўважыла, што дачушка патрошкі, патрошкі і амаль цалкам з’ела ўсё начынне. Сама ж парадавалася за малую: малайчына, гэта ж добра, што ў дачушкі такі цудоўны апетыт. На здароўе.
Мама ўсміхнулася тату, падміргнула яму і паказала вачыма на Ганначку: маўляў, вунь у каго папытай. Малая ж, адчуваючы сваю віну, апусціла вочы, а потым падняла іх на дарослых і спакойна прамовіла:
— Татуля! Твае бліны з тваражком не сустрэліся…
Дарослыя перазірнуліся, развялі рукамі, а потым шчыра ўсміхнуліся: знаходлівая дачушка ў іх расце!