Паўлік
Аляксеіха любіла ўнукаў. Казала: “Дзеці — кветкі, ім сонца трэба”. Яны адказвалі ёй шчырай дзіцячай узаемнасцю.
Не было той пары, каб унукі не расчынілі дзверы ў хаце Аляксеіхі. І ўвосень гасцявалі ў бабулі, і ўзімку, і па вясне.
Сёння перад абедам да Аляксеіхі прыехаў Паўлік. Ён ужо быў ладны хлапчук, дык маці, пасадзіўшы яго ў электрычку, выправіла аднаго.
Госця, як вядома, спярша за стол.
Паўлік са смакам пад’еў, выкаўзнуўся з-за стала.
— Ну, пайшлі, бабуля Аляксеіха!
У вёсцы жанчыну ніхто не называў па імені. У першыя дні, як яны з Аляксеем ажаніліся, хтосьці на калгасным таку, дзе веялі жыта, гукнуў ёй: “Аляксеіха, дапамажы мяшок на воз ускінуць!” От з таго часу і пайшло: Аляксеіха, Аляксеіха… Паўлік таксама з языка не спускаў: “Бабуля Аляксеіха!..” Яму падабалася называць так сваю ласкавую бабулю. А ёй таксама чамусьці прыемна было чуць ад унука такое.
Аляксеіха ведала, куды клікаў яе Паўлік.
Непадалёку вёску акаймоўваў лес. Хлапчук любіў яго. Якое там хараство! Высокія хвоі з доўгімі зялёнымі іголкамі, раскідзістыя кучаравыя дубы, стройныя асіны з трапяткім лісцем як не падпіралі неба. Шумяць дрэвы, гамоняць і быццам расказваюць адно аднаму штосьці таямнічае і прыгожае, што хацелася ўведаць яго чуйнаму, дапытліваму сэрцу. А якіх толькі птушак там не пабачыш! І як яны шчабечуць, свішчуць, звоняць!.. На ўсе галасы.
Бабуля паказала Паўліку папараць, расказала легенду пра папараць-кветку. Яна гаварыла: “Глядзі і слухай лес, унучак, не толькі вочкамі і вушкамі, а і душой”.
Сёння Паўліку чамусьці дужа не цярпелася хутчэй у велічную лясную гасподу. На гэты раз яны рушылі не ў той бок, як хадзілі раней.
Лес там быў спрэс хваёвы. Прагрэтыя сонцам сосны дыхалі жывіцай, і нос Паўліку прыемна казытаў саладжавы смалісты водар. Бабуля з унукам выйшлі да невялікай палянкі. Паўлік паглядзеў і вачам сваім не паверыў: многа дрэў ляжала на зямлі. Яны паламаныя, вывернутыя з карэннем.
— Хто іх так, бабуля? — жахнуўся хлапчук.
— Буран, унучак. Завіхурыў, вось як нашкодзіў.
Паўлік круціў тонкай шыяй, азіраўся па баках.
— А чаму іх не пазбіралі?
— Чаму?.. Ды, мусіць, ляснік не паспеў, — неяк няпэўна адказала Аляксеіха. — І лес во паламала… Пайшло, пакацілася цераз пень-калоду…
Паўлік звёў густыя бровы, маўчаў. Вузкі бледны твар яго нібы пасталеў.
— Чаго зажурыўся, унучак? — спахапілася Аляксеіха.
Хлапчук махнуў рукою, адагнаў камара, які мітусіўся перад вачамі, чмыхнуў вострым носам.
— Я не зажурыўся… — Ён пералез цераз тоўсты выварацень, стаў выпрамляць маладую хваінку, якую прыгнула суком зваленага дрэва.
— Выпраміў, бабуля, паглядзі! Выпраміў!
Яна стомлена ўсміхнулася сухімі абветранымі губамі:
— Добра, леснічок мой маленькі, добра.
Недзе непадалёку ціха, ледзь улавіць вухам, крышталёва пазвоньвала лясная крынічка. Паўлік пачуў і кінуўся да яе.
— Глядзі, вяртун, не зачапіся за сук, — паблажліва перасцерагла яго Аляксеіха.
Паўлік адкінуў ад крынічкі сухое сучча, што нападала з дрэў, адгроб далонямі пачарнелую вільготную ігліцу.
— Каб зайчыкам і вавёркам было зручней вадзічку піць, — патлумачыў задаволена.
— От малайчына! Яны табе за гэта падзякуюць. Звяры, унучак, удзячныя… — Аляксеіха паглядзела ў той бок, дзе за лесам села сонца. — Хадзем, Паўлічак, ужо дадому, вечар хутка. Другім разам яшчэ прыйдзем…
Дома Паўлік, павячэраўшы, адразу паваліўся на канапу, дзе бабуля паслала яму пасцель, — нахадзіўся, набегаўся, надыхаўся кіслародам! Яна закончыла свае гаспадарскія справы на двары, зайшла ў хату. Паўлік ляжаў дагары, падклаўшы рукі пад галаву, вочы яго заплюшчаны.
— Заснуў, мой унучак. — Аляксеіха падышла да канапы, каб накрыць яго коўдрай.
— А вот і не заснуў, — сонна азваўся хлапчук, усхапіўся, сеў, пацёр пальцамі вочы. — Я, бабуля, калі вырасту, лесніком буду! — Голас яго прагучаў звонка. — Слова маё цвёрдае!..