Нябёсы — акіян
Пятница, 1.03.2019 09:00. Рубрика: Вершы
Нябёсы — акіян, я знаў даўно —
Блакітны, неабсяжны, першародны,
А ўсё, што зорам на зямлі відно,
Ні больш ні менш як свет яго падводны.
Тут — водарасці пушчы векавой,
Бялявых хмар, вятроў бясконцых плыні,
Спрадвечных гор застыўшыя вяршыні,
Усё яго — да хваль, што пада мной,
Дзе акіян разлёгся Атлантычны…
Тут свет другі: і глыбіня, і мель,
I ёсць прастор, не меншы за касмічны,
Для хваль салёных ростам з карабель.
Я — трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух — звычайны чалавек,
Што неба і зямлю ў сабе змяшчае
I ў свет адзін злучае іх навек.