Мая Беларусь
Сябры! У снежаньскім нумары “Вясёлкі” за 2018 год мы абвясцілі конкурс пра тое, якой вы бачыце нашу радзіму ў 2030 годзе. Пішыце свае апавяданні, нарысы, замалёўкі, вершы, дасылайце ў рэдакцыю свае малюнкі, коміксы. Пераможцаў чакаюць узнагароды, а Вася Вясёлкін і МУР чакаюць вашых работ!
Беларусь! Радзіма! Бацькаўшчына! Колькі яшчэ цудных назваў яна мае? Але не гэтак важна, як ты яе называеш, больш значна, якое месца “сінявокая зямля” займае ў тваім сэрцы. І калі ўсе мы, беларусы, будзем любіць сваю радзіму, то лёс яе будзе неверагодны і шчаслівы.
Беларусь цудоўная і зараз, аднак у будучым, я спадзяюся, яна стане яшчэ лепшай. І вось якой уяўляю яе я.
“Беларусь — галоўны турыстычны цэнтр Еўропы!” — крычаць нам загалоўкі на вядомых вэб-сайтах. І сапраўды, тут ёсць на што паглядзець. Краіна ў гармоніі будынкаў і прыроды. Архітэктура перайшла на новы ўзровень. Нешта незвычайнае можна знайсці ў кожнай пабудове. З’яўляюцца раёны, прысвечаныя пэўнаму стылю. Напрыклад, вуліцы барока, готыка, ракако. Гэта не іх афіцыйныя назвы, аднак так называюць іх самі жыхары.
Важнае месца ў горадзе займае прырода. У Беларусі людзі імкнуцца азеляніць кожнае вольнае месца, паркі на дахах ужо паўсюдна. Незвычайныя клумбы з кветкамі размешчаны ў пэўным парадку, ствараюць арнаменты, выцінанкі.
Беларусь — краіна гасцінная. Аднолькава прыязна тут прымаюць людзей рознай нацыянальнасці і веры. Кожны можа знайсці тое, што яму падабаецца. Краіна — на высокім узроўні развіцця ва ўсіх накірунках. Ды і прыгожа тут, незвычайна прыгожа!
Няхай мая радзіма будзе менавіта такой! Спадзяюся, беларусы разумеюць, наколькі цудоўная іх зямля і якую цудоўную мову яны маюць, і не будуць шукаць шчасця на чужыне, як бы тая ні вабіла.
Юлія Васіленка, 13 гадоў, аг. Крукавічы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобл.
Мая краіна
Белы верш
Прыгожае месца — Лагойскі раён!
Блакітнае неба, палёў зялёныя хвалі.
Край прыгожых лугоў, лясоў і азёр.
Ліса прабяжыць, ды зайца пабачыш,
І вожык топае па малако.
Асілкі-ласі вандруюць па лесе,
Дзіка і казулю тут можна сустрэць.
А зорнае неба! Зоры — як ясныя вочы.
Знічкі гараць, мільгацяць, ды не гаснуць.
Тут у гонар Купалы адкрыты музей,
Дзе пісаў ён вершы свае.
І цяпер пісьменнікі славяць наш край,
Для ўсіх людзей дарагі.
Максім Сініца, 7 клас, гімназія № 6 г. Мінска