Вершы на памяць для самых маленькіх
Авяр’ян Дзеружынскі
Сані
— Хто вас гоніць з горкі, сані?
— Ды ніхто, бяжым мы самі.
— А чаго вам так спяшаць?
— Трэба Верачку катаць.
Данута Бічэль-Загнетава
Мядзведзь
Дзед Мядзведзь стаміўся троху —
Лёг у мяккую бярлогу.
Смачна спалася яму,
Не ўставаў усю зіму.
Уладзімір Марук
Пінгвін і карціна
У святочны дзень
Пінгвіну
Падарыў сусед карціну.
Разабраў пінгвіна смех,
Бо навокал толькі снег —
І няма куды
Пінгвіну
Вешаць гэтую карціну.
Сяргей Чыгрын
Воўк
Воўк спалохаўся зімы —
Стаў самотны і нямы,
Пад ялінай замярзае
І вясны хутчэй чакае.
А вясна яшчэ далёка.
Для ваўка куплю валёнкі:
Ён не будзе замярзаць…
Як ваўку іх перадаць?
Якім АЛОЎКІН
Люты
Валадар мяцеліц, Люты,
Не марозь дзяўчынку Люду.
Не слязі малюсьцы вочкі,
Лепей падрумянь ёй шчочкі!
Завіруха
Дзьме марозны вецер хвосткі,
Завіруха тчэ кудзель,
Стала рыхлай, мулкай, коўзкай
Снежная пасцель.
Прадвесне
Хоць мароз і люты ў лютым,
Яшчэ рэчкі лёдам скуты,
Пазляталіся ўжо птушкі
На ўлюбёныя кармушкі.