Горкі
Рохлік — звычайны беларускі парсючок. Беленькім у чорную плямку, з ружовенькімі ножкамі і акуратненькім лычом.
У школе толькі пачаліся вакацыі. Пасля абеду Рохлік сядзеў ля вакна і думаў, чым сябе заняць. На дварэ быў лёгкі марозік і парсючок захацеў пакатацца на санках. Вырашыў — зрабіў. Рохлік узяў на балконе санкі, надзеў шапачку і шалік, абуў боцікі і выправіўся на горку.
Далёка хадзіць не давялося. Іхні дванаццаціпавярховы дом стаяў акурат у лагчынцы. Горка была стромая і высокая. Але ж туды трэба яшчэ ўскараскацца.
Парсючок павесіў санкі за спіну, як заплечнік, і стаў асцярожненька ўздымацца ўверх. Праз колькі крокаў Рохлік адчуў, што санкі цягнуць яго ўніз і нахіліўся ўперад. Але праз хвіліну ён паслізнуўся і кумільгам паляцеў долу. Парсючок пацёр выцятае месца і аднавіў узыходжанне. Дайшоўшы да паловы Рохлік не ўтрымаўся і зноўку апынуўся ўнізе. Ён ледзь не расплакаўся ад болю і крыўды.
— Гэй, Рохлік! Ты чаго такі сумны?! — пачуўся голас козліка Бадзі.
— Ды вось ніяк на горку не ўзлезу, — паскардзіўся парсючок.
— Я цябе навучу! — забляяў козлік. — Давай капыцік!
Рохлік узяў козліка за капыток, і яны ўдваіх рушылі ўгару.
— Глядзі, стаў ногі елачкай — вось так, — паказваў Бадзя.
За лічаныя хвіліны сябры дабраліся да вяршыні.
Ух, і накаталіся ж яны з горкі! І разам, і паасобку. Цяпер Рохлік спакойна і хутка ўзбіраўся наверх.
Разышліся яны глыбокім вечарам.
— Дзякуй табе, Бадзя, што дапамог мне сёння!
— Прыходзь заўтра на горку!
— Абавязкова! — прыязна рохкнуў парсючок. — Да заўтра!
— Пакуль! — адказаў козлік і знік за дзвярыма пад’езду.
Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ-ШЫЛОВІЧ