Вершы Анатоля Зэкава
Пятница, 15.02.2019 08:19. Рубрика: Вершы
Пераапранутая свінка
Свінка лужыну знайшла.
Свінка ў лужыну зайшла.
Паляжала ў ёй хвілінку –
Не пазнала маці свінку,
Быццам футра памяняла:
Раптам з белай
Чорнай стала.
Парасяткі на зарадцы
Раніцою на зарадку
Выбягаюць парасяткі.
Каля плоту без спачынку
Чухаюць гарэзы спінкі.
Чух ды чух,
Рох ды рох.
Плот адзін,
Яны – утрох.
Сто разоў так ці семсот.
Ой, глядзі,
Паваляць плот!
Кот і камп’ютар
Гэта праўда – не лухта:
Ёсць камп’ютар у ката.
А яшчэ ў ката ёсць флэшка,
Ды яна яго не цешыць,
Бо цікавіць, зрэшты, Цішку
Не камп’ютар сам,
А мышка.
На каньках
Выйшаўшы ў мароз на лёд,
На каньках катаўся кот.
Неслі ўперад так канькі –
Аж цяпер баляць бакі,
Бо на іх на слізкі лёд
Надта часта падаў кот.