Хто галоўны на кухні
Жылі-былі на кухні сталовыя прыборы – Нажы, Лыжкі і Відэльцы. Сярод іх асабліва вылучаўся Кухонны Нож. Менавіта яго бралі гаспадары першым, калі прымаліся гатаваць ежу. Астатнімі ж прыборамі карысталіся тады, калі садзіліся за стол: Відэльцамі і Сталовымі Нажамі – калі елі салаты ды мясныя і рыбныя стравы, Лыжкамі – калі на стале дыміліся розныя супы ды баршчы.
Кухонны Нож у гэты час на стале адсутнічаў, хіба што назіраў збоку, як апетытна завіхаюцца ля розных страў Лыжкі, Відэльцы ды Сталовыя Нажы. Аднак ён ніколькі не крыўдаваў, што не быў запрошаны да гаспадарскага стала, болей за тое – радаваўся, што першым спрычыніўся да апетытнага занятку Лыжак, Відэльцаў і Сталовых Нажоў.
Так працягвалася з дня ў дзень. Усе сталовыя прыборы мірна ўжываліся на кухні, ніхто не лічыў сябе галоўным, бо кожны з іх займаўся сваёй, толькі яму ўласцівай справай.
Але аднойчы мірны лад на кухні парушыўся. Здарылася гэта якраз тады, калі гаспадары кватэры былі на працы, а іх дзеці – у школе. Відэльцы і Сталовыя нажы, як і Кухонны Нож, ляжалі спакойна, адпачываючы пасля сняданку. А Лыжкам раніцай працы не было, гэта, мусіць, іх і раззлавала.
— А чаму гэта ніхто з гаспадароў не звярнуў увагі на нас? – перазірнуліся Лыжкі. – Быццам нас і не існуе, — і паглядзелі ў бок астатніх сталовых прыбораў. — А хіба ж мы не галоўныя на кухні?
— Вядома, не, — адказаў ім Кухонны Нож.
— А хто ж тады галоўны, па-твойму? – здзівіліся Лыжкі. – Відэльцы, якімі гаспадары зранку калупаюць салату ці якую-небудзь кашку?
Пачуўшы гэта, Відэльцы аж выпраміліся ад задавальнення. Але Лыжкі, нават не звярнуўшы на іх увагі, працягвалі:
— Ці, можа, скажаш, што ты? Бо ўсё працуеш, усё выслугоўваешся… І пры тым думаеш, што ўсе цябе любяць. Але які ты галоўны, калі без супынку наразаеш, крышыш, а хоць бы раз паспытаў адну страву, якую згатуе гаспадыня з тваёй нарэзкі-крышаніны? Ляжыш вечна галодны ды, глытаючы слінкі, нам, Лыжкам, Відэльцам ды Сталовым Нажам зайздросціш.
— І зусім не зайздрошчу, — адказаў Кухонны Нож. – Проста я ведаю сваю справу і сумленна раблю яе. І гаспадары мяне насамрэч любяць, заўсёды на відным месцы трымаюць. А калі крыху затуплюся, дык падточваюць нават.
— Ніхто цябе не любіць! – крычалі Лыжкі. — Каб любілі, дык за стол бы запрашалі, як нас!
Яны аж павыскоквалі са сваіх палічак, а заадно і Відэльцы са Сталовымі Нажамі падбухторылі на спрэчку з Кухонным Нажом. І вось ужо ўсе яны пачалі навыперадкі расхвальваць сябе:
— А з якім смакам гаспадары аблізваюць нас! – хорам верашчалі Лыжкі і Відэльцы. Сталовыя Нажы, праўда, толькі пераглянуліся паміж сабой, бо іх ніхто ніколі не аблізваў. Хіба што мылі, як, дарэчы, і астатнія сталовыя прыборы.
Пракрычаўшы яшчэ, што яны – самыя галоўныя на кухні, супакоіліся і Лыжкі, хоць і працягвалі пагардліва касавурыцца ў бок Кухоннага Нажа.
Можа, цягам часу гэтая спрэчка і забылася б, ды аднойчы падчас вячэры гаспадары загаварылі пра нейкі пікнік на прыродзе, куды яны, узяўшы палаткі, мяркуюць разам з дзецьмі паехаць на выхадныя. А ў суботу раніцай і насамрэч пачалі збірацца. Спачатку ўпакоўвалі рэчы, потым – ладкавалі ў торбы прадукты.
Лыжкі і Відэльцы павытыркаліся ў чаканні, што гаспадары і іх возьмуць на пікнік. Але тыя нават і не зірнулі ў іх бок.
Цэлы дзень без справы ляжалі на паліцы сталовыя прыборы. А вечарам, добра прагаладаўшыся, накінуліся на Кухонны Нож:
— Чаму ты лежма ляжыш ды нічога не робіш? Наразай што-небудзь ды крышы!
— Я магу гэта рабіць толькі ў руках гаспадароў, – патлумачыў Кухонны Нож. – А каб і мог, то варыць усё адно няма каму. Як, між іншым, і есці.
— А мы? А мы? – хорам залямантавалі Лыжкі, Відэльцы і Сталовыя Нажы. – Мы есці хочам!
— Але ж вы не можаце есці, калі не ядуць гаспадары, бо гэта яны апускаюць вас у талеркі! – патлумачыў Кухонны Нож.
І тут Лыжкі, Відэльцы і Сталовыя Нажы ўцямілі, што і насамрэч самі нічога не могуць. Як нічога не можа рабіць самастойна і Кухонны Нож. І ўсе пачалі чакаць гаспадароў. Бо зразумелі, што адны гаспадары і ведаюць сапраўдную цану сталовым прыборам. А кожны з іх можа рабіць сваю справу на кухні выключна тады, калі патрапіць у рукі гаспадыні. Бо якраз яна і ёсць самая галоўная на кухні. А Лыжкі, Відэльцы і розныя Нажы – усяго толькі памагатыя гаспадыні. І кожны пры гэтым – галоўны.
Анатоль ЗЭКАЎ