Цукеркі
Среда, 13.02.2019 10:04. Рубрика: Апавяданні
Мама купіла цукерак і паклала ў шафу. Вечарам дастала цукеркі, а іх толькі палова засталася.
— А ну прызнавайцеся, хто браў цукеркі? — спытала яна.
— Я не брала, — сказала Аленка.
— І я не браў, — апусціў вочы Сяргейка.
Маці сказала Сяргейку:
— Калі не браў, то скажы: “Чэснае слова”.
Сяргейка пасоп носам, пераступіў з нагі на нагу:
— Няхай лепш Аленка скажа: “Чэснае слова”.
— Усё зразумела, — усміхнулася маці. — Дрэнна, калі лазяць у шафу і дазволу не пытаюць.
Сяргейка аж падскочыў:
— А я спытаў бы, ды не было нікога дома. Чэснае слова, не было!
Васіль ХОМЧАНКА