Першы снег
Понедельник, 11.02.2019 07:50. Рубрика: Апавяданні
Зямля доўга ляжала голая, скамянелая ад марозу. А потым адной ноччу пайшоў снег і ўкрыў усё белай цёплай коўдрай.
Ромка дастаў з гарышча лыжы і памчаўся ў поле. Раздолле для хлопца!
Ромкаў бацька таксама радуецца. Маладыя яблынькі ў калгасным садзе цяпер не замерзнуць. Карэнні іх добра ўкрыты снегам.
І мядзведзю ў бярлогу цяплей стала. Вожыку ў кучы лісця, мышы ў нары.
Усім цёпла, усе радуюцца.
Толькі беднаму зайку слёзы. Да зімы не паспеў шэрую поўсць змяніць на белую. Выскачыць на снегавую коўдру — усяму свету відзён.
Забраўся зайка пад куст і дрыжыць ад страху.
Васіль ХОМЧАНКА