Шарык дабра
У адным мястэчку на працягу многіх гадоў ладзілі вялікае свята пад назвай Дзень горада. На плошчы гучала вясёлая музыка, у шапіках можна было набыць розныя прысмакі. А яшчэ публіку забаўлялі цыркавыя блазны з рознакаляровымі шарыкамі ў руках. Дзеці разам з бацькамі спяшаліся на свята, каб убачыць гэтае дзейства на свае вочы.
Усе вакол весяліліся, ніводнае дзіця не заставалася без забавы. А ў падарунак бацькі куплялі сынам і дочкам паветраныя шарыкі.
Займеў такі шарык і Мікіта. Хлопчык вельмі ўзрадаваўся. Узяў яго за нітачку і, задраўшы галаву ўгору, з цікавасцю пазіраў, як той паволі ўзнімаецца ў неба. Шарык быў жоўты, і здавалася, што само сонейка выкацілася з-пад аблокаў.
Ды раптам Мікіта пачуў чыйсьці плач. Перавёў позірк з неба на зямлю і ўбачыў маленькую дзяўчынку, якая сядзела пад дрэвам і плакала. Хлопчык падышоў да яе і спытаў:
— Чаму плачаш? Ты згубілася?
— Не, не згубілася, — адказала дзяўчынка. — А плачу таму, што ў кожнага ёсць паветраны шарык, а ў маіх бацькоў няма магчымасці яго купіць.
Мікіта прысеў побач з дзяўчынкай і пачаў супакойваць яе:
— Не трэба плакаць! Хочаш, я падару табе свой шарык?
— А як жа ты?—выціраючы слёзы, спытала дзяўчынка. – Бо, калі падорыш мне, тады ў цябе не будзе шарыка.
— За мяне не хвалюйся! Галоўнае, што ты будзеш радавацца! — сказаў ёй з усмешкай Мікіта і, працягнуўшы шарык, спытаў:
— Цябе як клічуць?
— Сафія, — ціха прамовіла збянтэжаная ад такой неспадзяванкі і адначасова расчуленая дзяўчынка.
— А мяне Мікіта. Ну што ж, Сафія, трымай нітачку моцна, бо ў цябе зараз у руках Шарык Дабра, — урачыста абвясціў Мікіта.
— Шарык Дабра? — перапытала дзяўчынка.
— Менавіта, бо кожны добры ўчынак абавязкова нясе ў сабе дабро! — патлумачыў хлопчык.
Сафія ўсміхнулася, і яны разам пабеглі весяліцца.
З таго часу Сафія і Мікіта сталі сябрамі. І нават, калі падраслі, то ні разу не адмаўлялі адзін аднаму ў дапамозе.
А Шарык Дабра запомніўся Сафіі на ўсё жыццё. Бо менавіта тады, калі ёй было так сумна, з’явіўся хлопчык, які зрабіў для яе дабро. Хай гэта быў усяго толькі маленькі паветраны шарык, але дабра мала ніколі не бывае.
Таццяна ПРЫШЧЭПАВА