Паездка ў горад
Я гуляў на вуліцы. З дома выйшлі бацька і маці. Мама прасіла бацьку нешта прывезці з горада. Я падбег да іх.
— Тата, вазьмі мяне з сабою!
Але бацька быў нечым узбуджаны.
— У мяне і без цябе спраў па горла.
— Ты ж абяцаў звазіць у заапарк, тата!
Да горада ехаць крышачку болей за гадзіну. Але вось машына ўжо спынілася каля велізарнага шматпавярховага дома.
— Ты пасядзі тут, а я – у кантору. Нікуды не хадзі. Зразумела?
Я і дома не прызвычаіўся сумаваць, а тут гэтулькі цікавага!.. Колькі ў горадзе людзей!..
З крамы насупраць выйшла бабуля з вялікай і, пэўна, цяжкай каробкай. Яна азірнулася, але паблізу нікога не было. Я выскачыў з машыны і падбег да яе.
— Дазвольце, я вам дапамагу.
— Вось дзякуй, унучак! А то ўжо ніякіх сіл няма.
Правёў бабулю да аўтобуснага прыпынку, вярнуўся да машыны.
— Дзе ты ходзіш? Ты думаеш, у мяне ёсць час чакаць?!
— Тата, ты ж абяцаў у заапарк…
— Абяцаў, абяцаў… Другім разам, не памрэш без заапарка.
У наступнай установе ён быў так доўга, што я стаміўся чакаць. Каля нашай машыны спыніўся дзядуля ў акулярах і з кавенькай.
— Сынок, не падкажаш, дзе тут пошта?
— Ды вось яна, праз дарогу. Пачакайце, я вас перавяду.
Калі я вярнуўся, бацька зусім раззлаваўся:
— Колькі разоў гаварыць? Наступны раз будзеш сядзець дома.
Канечне, я вінаваты. Але не мог жа я не дапамагчы старым людзям!
Па дарозе дадому мы ехалі моўчкі. Наперадзе на ўзбочыне я заўважыў маленькага хлопчыка, які падымаў руку. Але машыны праносіліся міма. Я не вытрымаў, і калі наша машына стала пад’язджаць, сказаў:
— Тата, спыніся, калі ласка. Ён такі маленькі.
Бацька скасавурыўся на мяне, але спыніў машыну.
— Дзякуй вялікі, дзядзечка!.. У мяне дзядуля захварэў, я па лекі ездзіў, а аўтобусаў усё няма і няма, — сарамліва гаварыў хлопчык.
Бацька зірнуў на яго, пасля на мяне і ўсміхнуўся. Я ўсміхнуўся таксама.
Каля невялікага аула хлопчык папрасіў спыніцца, сказаў: “Вялікі вам дзякуй!” і пабег.
Калі мы прыехалі дадому, бацька, паклаў мне руку на плячо, пазваў маму:
— Выходзіць, маці, у нас з табою вельмі неблагі сын расце.
— Вось і добра, — усміхнулася яна. – Ідзіце мыць рукі і за стол. Я пачастую вас смачным пловам.
Атамурад ЧАПАНАЎ
З туркменскай мовы.
Пераклаў Алесь Карлюкевіч