Да 100-годдзя беларускага пісьменніка Кастуся Кірэенкі
Кастусь Кірэенка – мой прадзед. Я ніколі не бачыла яго, але здаецца, што ўсё пра яго ведаю, бо чытала шмат яго твораў. Усё, што я прачытала, мне запомнілася лёгкасцю, прастатой і нейкім задуменным і значным сэнсам.
Бабуля часта і шмат расказвала мне пра тое, якім быў мой прадзед, як танкістам і ваенным карэспандэнтам прайшоў праз усю вайну, як стаў пісьменнікам.
Прадзядуля любіў жыццё, людзей, быў прадстаўніком радзімы на Асамблеі ААН. Нейкі час працаваў у часопісах “Бярозка” і “Полымя”, дзе быў галоўным рэдактарам.
Не было ніводнай тэмы, якая б не закранула майго прадзеда: любоў, сябры, сям’я, прырода, вайна, жах ад Чарнобыля. Аб усім балела яго сэрца, таму кожны твор такі зразумелы, лірычны і пяшчотны.
Уся мая сям’я любіць і з гонарам памятае прадзеда. На могілках падоўгу думаем пра яго, з вялікім жалем, што не давялося пабачыцца, паслухаць, падзяліцца думкамі, падзякаваць за жыццё.
Я жадаю, каб кожны любіў і помніў тых, каго ўжо няма з намі, пакідаючы іх у сваіх сэрцах.
Анастасія Шафарэнка, 9 “А” клас, гімназія № 7 г. Мінска