Краскі
Быў я ў запушчаным старым садзе. Дарожкi зараслi ў iм травой, язмiны i ружы зглушыла лаза, i яны голыя i сухiя галiны свае, быццам калекiя рукi, у нямой жальбе падымалi ў неба. На шырокiх клумбах разраслiся асот, чартапалох, макрыца, i толькi дзе-нiдзе выбiвалiся яшчэ ўверх тонкiя высокiя бледныя гваздзiкi, падобны яны былi да людзей, прыбiтых беднасцю, горам i хваробай. А нiзенька, памiж калючага асоту i чартапалоху, аслабеўшы ад вечнага змагання за кожную каплю расы i праменьчык сонца, слалiся па зямлi браткi. Збiтая iх кучка прыпомнiла мне грамадку вясковых дзяцей, абдзертых, худых i галодных, што праз паркан заезднага дому ўглядаюцца на багаты панскi папас. I стала маркотна мне, што на старой клумбе зелле так краскi глушыць… I здалося мне несправядлiвым, што зацененым краскам сонца нiколi ўжо не ўбарвiць пажоўклых лiсточкаў – у засенi гэтай прыждуцца яны першага снегу…
Вацлаў ЛАСТОЎСКІ
1910 г