Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
***
Мая Беларусь!
Ты для мяне – чароўная папараць-кветка.
Бачу цябе на Купаллі
ў святочнай Александрыі.
Адчуваю цябе ў сваёй малой радзіме.
Шукаю ў гаючай ранішняй расе.
Грэюся табой пад зоркамі ночы.
Давайма, дружа, узірацца
ў нашу айчынную папараць-кветку
ўлюбёнымі вачыма,
натхнёным сэрцам,
адкрытай насцеж душою,
як гэта робяць паэты і рамантыкі,
закаханыя і акрыленыя людзі.
І тады адчуеш,
не можаш не ўсвядоміць,
што жывеш у зямным раі,
дыхаеш водарам Айчыны,
за якую палегла ў зямельку
не адно калена тваіх продкаў.
Помні, іх душы ў нябёсах.
Адтуль яны ўзіраюцца ў цябе,
вераць і спадзяюцца,
што абавязкова знойдзеш сваю
папараць-кветку,
шчасліўцам пражывеш
кожны дзянёчак, усялякі міг
зямнога азарэння.
Павер у магію
радзімай папараці-кветкі.
З ёй адамкнеш замок мудрасці,
зразумееш мову зубра,
напевы салаўя,
перашэпт бяроз,
убачыш у нетрах скарбы.
Спазнаеш сваю душу.
Калі зразумееш,
што ў кожнай тваёй
геннай клетачкі
жыве моц Купальскай красы,
табе захочацца
Чалавекам звацца.
І ты адчуеш сябе
часцінкай Беларусі.
Жывільным пялёсткам
папараць-кветкі.
***
Мая Беларусь!
Хачу, каб ты заўсёды была
ў майскай квецені садоў.
Каб на тваіх прасторах
заўсёды была Вясна.
І вясною, само сабой.
І спякотным летам.
І слотнай, дажджлівай восенню.
І снежнай, марознай зімой.
Жыві, Беларусь, у вяках!
***
Беларускі ручнік – як абярэг.
Саматканы, вышываны, самабытны –
ён аберагае іконку на покуце,
атуляе бохан хлеба на стале.
На ім падносяць маладым
духмяны вясельны каравай,
хлеб ды соль – ганаровым гасцям.
З даматканым матуліным ручніком
Беларус ходзіць у лазню,
едзе ў далёкую дарогу,
ідзе служыць у войска.
Самаробным ручніком праводзіла
мяне Мама на вучобу,
адно толькі папрасіла:
“Не згубіся, сынок, у Мінску”.
Маміным ручніком выціраю
пот, бруд, пыл,
слёзы радасці і смутку,
і ён найлепшы мой лекар.
Ён мой штодзённік,
з якім ствараю ўліпкі.
Ён і барометр,
які паказвае стан душы.
Беларускі ручнік – повязь часоў.
Калі хатнія ткацкія станкі
здалі ў музеі,
у гурткі народных умельцаў,
мая Беларусь збудавала
вялікія сучасныя камбінаты.
Іх вырабы, у тым ліку і ручнікі,
ахвотна разлятаюцца па свеце
візіткамі нашай краіны,
як і мелодыя “Песняроў”:
У суботу Янка ехаў ля ракі,
Пад вярбой Алёна мыла ручнікі…
Уладзімір ЛІПСКІ