Не такі
Я вучуся на трэцяй парце ў трэцім “Б” разам з адной дзяўчынкай. Ну, што я сказаў смешнага? Нічога. Усе хлопчыкі вучацца з якой-небудзь дзяўчынкай на якой-небудзь парце. А мяне нават мама запэўнівае, што я стараюся, каб абавязкова кагосьці рассмяшыць. Вуснамі не паспею варухнуць, а настаўніца папярэджвае: “Толькі без клаўнады!”
Мама ўсім кажа: “Гэта ў яго з дзяцінства!” Я і сам помню, як мама паўтарала мне: “Мікробы вельмі баяцца мыла!” А я ўсё пытаў: “Яно ім таксама ў вочкі пападае?” Хіба гэта смешна? Я больш, чым тыя мікробы, мамінага мыла баяўся!
На ўроку настаўніца пытае: “Колькі жывуць мышы?” Я адразу ж адказваю: “Ёсць мышы дзікія, навуковыя і цыркавыя. Працяг жыцця дзікіх мышэй залежыць ад кошак, навуковых – ад таго вучонага, які іх вывучае. І толькі такія, як у знакамітага дрэсіроўшчыка Дурава, паміраюць сваёй звычайнай смерцю”.
Настаўніца абураецца: “Зноў фантазія! Не можаш адказаць, як усе?”
Мама таксама вучыць: “Адказвай, як усе! І табе лёгка будзе вучыцца і лёгка будзе жыць на свеце…” А я думаю: “Навошта я тады на свет нарадзіўся? Каб, як малпа, усіх пераймаць?”
Яшчэ мяне на кожным кроку папракаюць у хлусні!
Сёння, напрыклад, мама пытае:
– Ты лазіў у шафу па цукеркі?
– Не.
– А хто іх з’еў?
– Я.
– Значыць, хлусіш, што не лазіў.
– Не, не хлушу. Я нават не ведаў, што там нейкія няшчасныя цукеркі. Я лазіў па талерку.
Не верыць мама таксама, што мне зусім лёгка вучыцца. Раз прагледзеў, што зададзена, – і ўсё зразумела. А мне кажуць: “Не лянуйся! Двоек нахапаеш!”
Ды схапіць двойку, калі ўсё ведаеш, куды лягчэй, чым калі нічога не ведаеш! Бывае на ўроку сумна. Захопішся тым, чаго не ведаеш. А цябе раз – і да дошкі. Я разгубіўся і кажу:
– Ды я ж ведаю, што ўсё добра ведаю! Нават, калі ішоў да дошкі, не ведаў, што не ведаю!
Зноў смех. І як усіх пераканаць, што я разгубіўся! Увесь клас у поклад ад смеху, а мне ніколечкі не смешна. І калі ласка – двойка за падман і клаўнаду.
Да ролі клоўна я прывык. Нават пачаў губляцца, калі я ля дошкі нешта кажу, а ніхто не смяецца. “Ну, – думаю, – зусім заблытаўся!” А ўсё роўна казаць не тое, што само адказваецца, не магу.
Можа, сапраўды, я не такі, як усе?
Вісарыён ГАРБУК