Ці люблю я восень?
Мае прыгоды
Прыгожая восень
Я люблю восень, таму што на двары вельмі прыгожа: лісце на дрэвах становіцца разнакаляровым, у лесе з’яўляюцца маладыя прыгожыя грыбочкі, у садах ды гародах збіраюць шчодры ураджай. Мне вельмі падабаецца назіраць за гэтым і дапамагаць дзядулю і бабулі рабіць нарыхтоўкі на зіму. Яе подых з кожным днём адчуваецца ўсё выразней. А яшчэ восенню я іду ў школу і сустракаюся са сваімі сябрамі, з якімі не бачыўся цэлае лета. Мы з задавальненнем расказваем, як правялі лета і якія прыгоды з намі адбыліся. Яшчэ восенню так хораша бывае схавацца ў цёплы плед і з кубачкам гарачай какавы паслухаць надвячоркам казку, якую расказвае мне матуля ці тата.
Аляксей ЧЭЧАТ, ДДУ № 332 г. Мінска
Зменлівая восень
Восень – дажджлiвая пара, калi зусiм не хочацца выходзiць з кватэры. Надвор’е восенню хутка змяняецца. То ў небе свецiць яркае сонейка, то праз iмгненне пачынаецца лiвень. Усё добра, пакуль дрэвы стаяць у залатым убраннi. Але хутка яно ападзе, i наступiць зiма.
Алеся ЯНУШКОВА, гімназія № 43 г. Мінска, 6 “В” клас
Люблю лістапад
Мне падабаецца восень, асабліва яе пачатак. Надвор’е яшчэ цеплае, сонейка грэе. Таксама падабаецца лістапад. Рознакаляровыя лісточкі шапочуць, з іх можна збіраць букеты. Але я не люблю, калі ідуць дажджы, мне становіцца вельмі сумна.
Алеся СУДЗЕНКА, гімназія № 29 г. Мінска, 1 “Д” клас
Сапраўдныя гаспадары
Люблю, калі холадна, мокра і дзьме моцны, пранізлівы вецер. Тады ў маім двары нікога з дзяцей няма. Усе баяцца і нос паказаць. Тады я і мае браты апранаем вельмі цёплыя камбінезоны, якія тата нам прывёз з Японіі, ды ідзем гуляць на дзіцячай пляцоўцы. У такую пару мы сябе там адчуваем сапраўднымі гаспадарамі.
Сяргей ВАДАРЭЗАЎ, СШ № 167 г. Мінска
Лепей з восенню дружыць
Восень розная бывае:
Залатая, ільняная.
Ціхая і гучная,
Часам, мілагучная.
Ветрам свішча і маўчыць.
Лепей з ёй, сябры, дружыць.
Маша ПЯТРОЎСКАЯ, СШ № 167 г. Мінска
Букет для мамы
Са школы я спазнілася,
І мама насварылася.
- Дачка, халодны ўжо абед!
- Але паглянь,які букет!
- Няўжо сабрала для мяне?
- Так, мама, бо люблю цябе!
Аксана СІВІЦКАЯ, СШ № 59 г. Мінска