Вясёлая дзяўчынка
Не воблака, а проста аблачынка
Загадкава плыве над галавой.
Смяюся я:
вясёлая дзяўчынка,
Як матылёк,
ляціць над кладкай той…
Як добра ёй журыцца беспрычынна!
Да твару ёй і лета, і зіма…
Усміхнуся я:
яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.
1978 г.
Яўгенія ЯНІШЧЫЦ
Яўгенія ЯНІШЧЫЦ (20 лістапада 1948 – 25 лістапада 1988) – беларуская паэтэса, перакладчык.
У 4-м класе напісала свой першы верш і прысвяціла яго маці. З 1962 года актыўна друкавалася. Яе вершам уласціва лірычная акварэльнасць. Пра сябе пісала, што “па натуры вельмі мяккая, і ад таго, мабыць, лёгка ранімая”. Яна – аўтар зборнікаў лірыкі “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987). Выйшаў зборнік выбраных твораў “У шуме жытняга святла” (1988).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі “Дзень вечаровы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі “Пара любові і жалю”.