Адважны баран Хведар
Лексіка аўтара захавана
Пасвіліся авечкі на лузе. Блукалі. Траўку скублі. А на чале чарады стаяў баран Хведар. Таксама па лузе хадзіў. Шчыкаў траву. За парадкам сачыў.
Раптам, адкуль ні вазьміся, выбягае з лесу воўк — ваўчышча, Вялізныя Зубіўчы, Шэры Хвасцішча. Ўбачыў воўк авечак, узрадаваўся, аблізнуўся:
— Шляхетная будзе сёння вячэра!
Стаў воўк падкрадацца да чарады. Бельмы блішчаць, жоўтым агнём гараць. Язык чырвоны з пашчы вываліўся.
Ўбачыў баран ваўка. Спалохаўся. Нават уцячы хацеў.
Але ж калі Хведар уцячэ, то воўк усіх яго авечак задзярэ.
— Не, не бываць гэтаму, не дам сваіх авечак у крыўду! — вырашыў Хведар.
Забляяў баран і панёсся на ваўка.
А воўк пашчу раскрыў шырока. Вось-вось баранчыка праглыне.
Але той раптам як падскочыць і прама рагамі па воўчых зубах бац!
Завыў воўк ад болю. Неба яму ў аўчынку здалося. Не да авечак яму цяпер. Абы шкуру сваю выратаваць. Павярнуўся воўк, каб ўцячы ад барана ды найхутчэй.
А Хведар як падскочыць, і зноў ілбом рагатым па азадку воўчаму бум!
Кулём пакаціўся ваўчына. А потым так пусціўся, пабег да лесу, што і не дагнаць.
Вось што значыць адчуваць сябе адказным за блізкіх. Тады нават спалоханы баран адразу ператвараецца ў грознага і моцнага абаронцу.
Валерый Ларчанка