Званковая Дама
Дзяўчынка, Званковая Дама, Злодзей
Дзяўчынка малюе памадай на трумо прыступкі, над імі адчыненыя дзверы. Запальвае абапал люстэрка дзве свечкі, прыклейвае ў намаляваныя дзверы Званковую Даму.
ДЗЯЎЧЫНКА (тройчы паўтарае). Званковая Дама, прыйдзі…
ЗВАНКОВАЯ ДАМА (з’яўляецца з-за люстэрка). Спакою няма!
ДЗЯЎЧЫНКА. Цябе дзеці прыдумалі, каб ты іх жаданні выконвала.
ЗВАНКОВАЯ ДАМА. Што табе? Ноўтбук, планшэт? Смартфон? Завушніцы? Ці сабаку?
ДЗЯЎЧЫНКА. Што я – дурніца? Сабаку выгульваць трэба. Планшэт і тэлефон у мяне апошніх мадэляў. Залатых завушніц і пярсцёнкаў з каштоўнымі камянямі поўная шуфляда. Прыгані мне гламурны ружовы джып. І каб сапраўдны, а не цацачны.
ЗВАНКОВАЯ ДАМА. Складана будзе… Мусіш мне дапамагчы. Ідзі ў парк гуляць. Дзверы не замыкай. Праз паўгадзіны вяртайся, гламурны джып будзе стаяць каля пад’езда.
ДЗЯЎЧЫНКА. І каб бак поўны быў.
Робіць сэлфі са Званковай Дамай, тая закрывае твар, знікае.
Дзяўчынка адмыкае ўяўныя дзверы кватэры, але спыняецца.
ДЗЯЎЧЫНКА. Стану яшчэ з дому сыходзіць! (Дастае з трумо шуфлядку, надзяе ўпрыгожанні.) Я такая крутая! Завушніцы, пярсцёнкі з дыяментамі, і за рулём джыпа… врррр!.. (Робіць выгляд, што едзе на машыне.)
Чуюцца крокі. Дзяўчынка палохаецца, хаваецца за трумо. Уваходзіць Злодзей.
ЗЛОДЗЕЙ. Як і дамаўляліся, не замкнёна. Вынось, што хочаш. Дзе людзі ад такіх, як я, грошы хаваюць? Калі грошай шмат, то…
На колькі секундаў сыходзіць. Дзяўчынка хапае з трумо шуфлядку з каштоўнасцямі і зноў хаваецца за люстэрка. Злодзей вяртаецца з пачкамі грошай у руках.
ЗЛОДЗЕЙ. Разам з салам у маразілку паклалі. Думалі, не здагадаюся. Не першы раз красці. На джып хапіла б, але патрабуюць бясплатную машыну. Гэта дурніца казала, што ў яе яшчэ золата з дыяментамі ёсць.
За люстэркам пачынае дробна звінець. Злодзей выцягвае спалоханую Дзяўчынку.
ЗЛОДЗЕЙ. Казалі ж табе з дому сысці. Цяпер задушыць давядзецца, каб мяне потым у міліцыі не пазнала
Забірае шуфлядку з упрыгожаннямі.
ДЗЯЎЧЫНКА. Дзядзечка-рабаўнік, не душыце мяне. Я вас не бачыла, я пра вас нікому нічога, ні божа ж мой.
За спінай у Дзяўчынкі з’яўляецца Званковая Дама, завязвае ёй вочы чорным шалікам.
ЗВАНКОВАЯ ДАМА. У школу з сабакам-павадыром хадзіць будзеш. Зрок да цябе праз два гады вернецца. На той час джып твой іржа з’есць. Будзеш ведаць надалей, што прасіць у чараўнікоў.
Злодзей сцірае з люстэрка намаляваныя сходы, сыходзіць разам са Званковай Дамай.
ЗАСЛОНА
Максім КЛІМКОВІЧ