Сынок-з-кулачок
Жылі-былі дзед і баба,
Быў у іх малы сынок.
Сапраўды малы: і жаба
Лапкаю валіла з ног.
Быў такі ён невялічкі,
Прыкладна, як хамячок.
Не імя меў – хутчэй клічку:
Зваўся Сынок-з-кулачок.
З сошкаю аднойчы зранку
Ваправіўся ў поле дзед.
Баба апаўдні – з ляжанкі:
Панясе яму абед.
Ды са спарышом-ядою
Не ступіла й на парог,
Як пачула за сабою:
—Не вярэдзь, матуля, ног!
Я паеду да татусі, —
Мовіў Сынок-з-кулачок. –
Сяду ў лапаць і памчуся:
Во мой конь-легкавічок!
Сеў у лапаць на запятнік,
А спарыш – паміж абор.
—Но! – гукнуў жартун-кацятнік,
І панёсся, як віхор.
Праз хвіліны дзве, не болей,
Быў на месцы ежавоз –
Там, дзе бацька араў поле.
—Тата, я абед прывёз!
Дужа ўзрадаваўся бацька:
—Малайчына ты, сынок!—
Пасудзіну узяў з лапця:
—Чым частуе спарышок?
Не раняючы ні крошкі,
Бацька аплятаў панцак.
—Пасадзі мяне на сошку, —
Папрасіў сынок няўзнак,
—Пасадзіць цябе на сошку?
Ці я не дачуў як след?
—Паараць хачу я трошку,
Покуль ты ясі абед.
—Добра, — кажа бацька сыну.
Пасадзіў і лейцы даў.
Тут жа з ходу чын па чыну
Баразну сынок пагнаў.
Прылёг бацька па абедзе
І любуецца сынком.
Аж тут пан багаты едзе,
Зіркнуў – і замёр слупком.
Гэта ж нейкі цуд няйначай
Самахоць арэ саха!
Прыглядзеўшыся, убачыў
Пан ратая-седака.
—Мне б ратая мець такога,
От бы выгада была:
На капейку з’есць нябога,
Напрацуе ж – на рубля!
Хітры пан амаль з усмехам
Кажа бацьку, веры дай:
—Мне і дочкам на пацеху
Удальца свайго прадай!
—Не магу прадаць, паколькі
Гэта ж родны мой сынок!
—Прадавай, — сын шэпча, — толькі
Прасі грошай кашалёк!
За мяне не бойся, тата!
Я ад пана – уцяку!
Маеш шанец стаць багатым
Раз адзіны на вяку!
Сто рублёў, а мо і з гакам
Адлічыў за хлопца пан,
Згроб яго і адным махам –
У кішэню, пад жупан.
Задаволены пакупкай,
Пан у брычцы задрамаў.
Сынок-з-кулачок ціхутка
Панскую кішэнь прадраў
І скаціўся ціха долу,
Нібы яблык ці арэх.
Глядзь – а цёмны лес наўкола,
Гырк ваўкоў ды лісаў брэх.
Хлопцу вусцішна, да плачу:
Лёгка трапіць ім на зуб!
І як прыказаў няйначай,
Бо ваўчына – тут як тут!
Хап – і праглынуў малога,
Цалкам, быццам клёцку дзед.
Калі так, дык дурня злога
Ён правучыць ў рэшце рэшт!
Ён не дасць ваўку спакою,
Выцягне гізунды ўсе,
Яму ўчыніць ён такое,
Што – дадому завязе!
І пачаў ён хуліганіць
У ваўчыным жываце:
То рукамі, то нагамі
Стукне, плясне, узбрыкне!
У ваўканы, як і заўсёды,
З галадухі ныў жывот,
Ды намерам зрабіць шкоду
Даваў хлопчык укарот.
Падкрадзецца воўк да статку,
Каб авечку ўзяць на зуб, —
—Пастухі, не спіце ў шапку!—
Крычыць хлопчык. – Воўча тут!
Воўк цярпеў, але – нядоўга,
Хутка папрасіў з мальбой:
—Ну, вылазь! Ну, слова воўка:
Адпушчу! Ну, бог з табой!
—Пашукай другога дурня! –
Мовіў малышок з нутра. –
Занясі мяне культурна
Да бацькоўскага двара!
Што ваўку тут выпадала?
Дзе гадаць тут, што ды як?
Моўчкі патрусіў нядбала,
Трымаючы ў вёску шлях.
Ля двара сказаў ваўчына
Хулігану ў жываце:
—Ўсё, вылазь! Там брэша псіна –
Звягі не люблю яе…
—Э-не! Выйду толькі ў сенях, —
Цюцька наш цябе не з’есць! –
І пад дых ваўку каленам:
—Во шчыліна ў плоце, лезь!
Сенцы ўрэшце. Хлопчык з бруха
Скок – і закрычаў, як мог:
—Татачка, бяжы з абухам
Біць звяругу, валіць з ног!
Тут былі ваўку й хаўтуры, —
Дзед драпежніка забіў
І, злупіўшы з яго шкуру,
Бабе футра ён пашыў.
Баба, радая абноўцы,
Дзеду і сынку гуся
Засмажыла у духоўцы…
Тут і казка, дзеткі, ўся!
Мікола ГІЛЬ