Як вучыць верш на памяць
Прывітанне! Ты ўжо трэці месяц ходзіш у школу, табе задаюць заданні, напрыклад, расказаць на памяць які-небудзь класічны верш. А вучыць не хочацца. Радкі не запамінаюцца. Што рабіць?
Калі сам не зацікавішся, то нічога не атрымаецца. Падумай, чым той ці іншы верш, які табе задаў настаўнік, можа быць вартым тваёй увагі?
Вось, напрыклад, твор Якуба Коласа “Усход сонца”, які ёсць у школьнай праграме.
На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, прыліецца
Чырвань на усходзе —
Гэта неба усміхнецца
Людзям і прыродзе.
Смех адказны, смех шчаслівы
Ходзіць на пагорках.
Час світання — час зычлівы…
Гаснуць, нікнуць зоркі…
Уяві, што гэта не верш, а тэкст магічнага заклінання. Ты – чараўнік, не горшы за Гары Потэра. Толькі ад цябе залежыць народзіцца наступны дзень ці не.
Чытай гэты верш, як быццам варожыш. Калі трэба, дапамагай сабе магічнымі рухамі (прыдумай іх сам), можаш нават надзець адпаведны касцюм. Уяві, што ад тваіх словаў і сапраўды: “На усходзе неба грае / Пераліўным блескам”, усё вакол разліваецца “чырванню” і з’яўляецца сонца.
Адчуўшы сябе магутным чараўніком, сам не заўважыш, як цудоўны верш Якуба Коласа без асаблівых намаганняў імгненна вывучыцца.
А яшчэ падумай, паразважай над словамі і словазлучэннямі, якімі карыстаецца паэт: “неба грае”, “пераліўны блеск”, “чырвань на ўсходзе”, “смех… ходзіць на пагорках”, “нікнуць зоркі”. Уключы сваю фантазію і сам стань паэтам.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК