Кот Кузя і дзве жабкі
У Гаспадара на лецішчы ў двары стаяла ванна, дзе жылі дзве жабкі Ніна і Зіна.
Ніхто іх не чапаў, ежы хапала, але было сумна.
Аднойчы заўважылі вялізнага звера, які сядзеў на ванне.
– Не бойцеся! – прамовіў ён. – Каты жаб не ядуць. Я – Кузя. Мяне гаспадар прывёз з горада. Тут вельмі хораша. Адзінае – мясцовыя каты не хочуць сябраваць. За дарогай каля ракі вялізны луг. А жабак там – не пералічыць! Чаму вы не хочаце з імі пазнаёміцца?
– Туды, толькі туды! – ускрыкнула Ніна. – Глядзець не магу на гэту ванну!
– Шлях доўгі. А самая галоўная перашкода – гэта дарога. Па ёй заўседы рухаюцца машыны.
Раніцай жабкі і Кузя адправіліся ў падарожжа. Праз некалькі дзён апынуліся ля вялізнай дарогі. Па ёй і сапраўды без перапынку лёталі аўтамабілі.
– Яе перайсці немагчыма, – адразу сказала Зіна.
– Паспрабуем уначы! – прапанавала Ніна.
– А я, – муркнуў Кузя, – залезу на дрэва і буду сачыць, каб машын не было. Каты добра бачаць у цемры, ды і машыны едуць з уключанымі фарамі.
Надышла ноч, і жабкі сталі чакаць Кузевай каманды.
– Скачыце!
Адважылася толькі Ніна. Зіна ад страху здранцвела.
– Давай, сяброўка! – падахвоціла Ніна з другога боку дарогі.
– Не магу, – ціха адазвалася Зіна. – Паскачу лепей да ванны.
Мясцовыя жабы добра сустрэлі Ніну. Распытвалі пра жыццё на дачы, шкадавалі баязлівую Зіну, дзякавалі кату.
Кузя не кінуў палахлівую жабку. Сябраваў з ёй да самай зімы, а потым вярнуўся з Гаспадаром у горад, а Зіна засталася адна чакаць сцюдзёную зіму.
Алег МЕЛЬНІКАЎ