Нароўля жадае ўсім здароўя
Няхай сталічным гарадам няроўня,
Ды ганаруся я заўжды табой,
Мой любы гарадок – мая Нароўля
Над прыгажуняй Прыпяццю-ракой.
Мікола Ждановіч
Ёсць павер’е, што конская падкова прыносіць шчасце. Таму некаторыя гаспадары вывешвалі іх над уваходнымі дзвярыма ў хату. І ў маім дамашнім музеі захоўваецца старая падкова, якую некалі насіў наш шоўкаўскі конь. А зрабіў яе мясцовы каваль, вопытны штукар па жалезе.
Срэбная падкова рагамі ўніз упрыгожвае герб Нароўлі. Яна змешчана ў шчыце пад колер блакітнаводнай Прыпяці. Падкова ўмацавана, нібыта помнік, на дзвюх срэбных плітках. Вянчае нараўлянскую падкову залаты крыж – сімвал веры і вечнага жыцця.
Герб Нароўлі быццам абнадзейвае жыхароў усяго раёна: “Людзі, верце, якія б беды, якое б ліхалецце не абрынуліся на вас, шчаслівая доля не міне вашых дзяцей. Вы будзеце тут жыць заўсёды, як спрадвеку цячэ па вашых землях старажытная Прыпяць, як адвечна вартуюць ваш край хваёвыя бары”.
Спадчына продкаў
Калі тое адбылося, дык нават дзяды сённяшніх дзядоў не помняць. Але людзі вераць, што тут, каля Прыпяці, жыў некалі мудры і вельмі працавіты мужык. Мо нават крыху хітры, бо задумаў адну выгадную работу.
Каля яго жытла быў глыбокі роў. Пасля зімы там збіралася шмат вады, нават вадзілася рыба. І вось пачаў той мужык пракопваць канаву ад рова да Прыпяці. Год капаў, два капаў, а хто яго ведае, колькі ён мардаваўся. Але ж упартаму любая справа па плячы.
І вось пацякла, забруілася вада з рова ў Прыпяць. Вельмі ж наравістым удалося цячэнне. З норавам бегла вада з рова ў вялікую раку Прыпяць. Мужык-землякоп і назваў сваю рэчку Нараўлянкай. А калі тут пачалі сяліцца людзі, то паселішча назвалі Нароўляй. Дык і цяпер стаіць горад, як помнік старажытнаму мужыку, які даў жыццё Нараўлянцы і які жадаў сваім нашчадкам моцнага здароўя.
З тых далёкіх часоў жывуць у гэтых мясцінах дасціпныя прымаўкі, загадкі:
“Дзеці па ўсім свеце”;
“Што ўмею, то й пяю, што знаю, то й кажу”;
“Вакол ямы дзяды з кіямі”.
Што яны азначаюць?
Буслянкі на слупах
З некаторых вёсак Нараўлянскага раёна бачны гмахі былой Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Там здарылася буйная аварыя 26 красавіка 1986 года. З таго часу з’явіліся і пацярпелыя чарнобыльскія вёскі, і людзі-чарнобыльцы.
Трыццаць пяць вёсак раёна перасталі існаваць. Жыхары пераселены ў іншыя мясціны Беларусі. Вось такі ваяўнічы “мірны” атам.
Я пабываў пасля аварыі на атамнай станцыі ў вёсцы Карпавічы. Усе хаты пахаваны глыбока ў зямлі. Асірацела стаіць засохлая ліпа. Сярод кустоў дзікай акацыі – яблыня з забароненымі, чырванабокімі пладамі.
Ідзём па былой вуліцы. Разбураны калодзеж. Ніхто ўжо не п’е з яго халоднай вадзіцы. На высокім дзівасіле сядзеў сумны, бухматы чмель. Ці ён мёд збіраў, ці думу думаў? Яму ж не падкажаш, куды перасяляцца.
Мосцік цераз рэчку, парослы травой. Па ім ніхто не ходзіць. На дрэве падвешана дзіцячая гушкалка. Вецер гайдае яе, парожнюю…
Вось так запомнілася мне тая мясціна, дзе некалі жыла вёска Карпавічы. У ёй былі сто хат, калгасная ферма. Працякае недалёка Прыпяць, ёсць азёры. Прывабнае мясціна стала часткай Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Запомнілася карпавіцкая сарока. Увесь час, пакуль мы былі там, яна суправаджала нас. Мы праедзем – і яна праляціць, сядзе побач на якую галіну і цікуе за намі. Відаць, засумавала, няма каму разбалбатаць навіны.
На бетонных электраслупах з абарванымі дратамі аблюбавалі сабе месца буслы. Адна за адной – тры буслянкі. Яны ўсцешылі і абрадавалі, усялілі надзею. Буслы ж селяцца там, дзе жывуць людзі. Яны як бы надаюць веры, што некалі вернуцца сюды перасяленцы. Вернуцца ў родныя мясціны, да сваіх азёр, да прыпяцкіх берагоў, да сваіх надзейных сяброў – буслоў.
Адгадкі ў загадках
Што ні кажыце, а ў прозвішчах людзей закадзіравана шмат звестак пра тую мясціну, дзе яны жывуць.
Нараўляншчына – гэта Палессе, лясы і цяпер тут займаюць больш за палову раёна. Па тутэйшых землях працякаюць рэкі Прыпяць, Мытва, Славечна, Нараўлянка, Жалонь, Ілья.
Па прозвішчах мясцовых жыхароў мы можам вызначыць, якія дрэвы гаспадараць у нараўлянскіх лясах. Не верыце? А вы задумайцеся, ад чаго ўтвораны прозвішчы Беразоўскі, Беразняк, Вярбіцкі, Вербавец, Дубовіч, Дубінецкі, Дубянок, Жолуд, Альховік, Ліпскі?
Прозвішчы падказваюць, якія птушкі гняздуюцца ў барах, гаях, на лугах, у вёсках, – Шпакоўскі, Салавей, Голуб, Дзяркач, Сініцкі, Цяцера, Верабей, Сычоў, Глушэц. Што вы ведаеце пра гэтых людзей і пра птушак, якія “ўляцелі” ў іх прозвішчы?
Рыбы і звяры таксама ўваходзяць у нараўлянскія прозвішчы: Карповіч, Рак, Шчука, Карасёў, Бабёр, Ліс, Лісоўскі, Барсук, Зайцаў, Зайчык, Волкаў.
Цікава, што азначаюць, адкуль пайшлі вось такія прозвішчы: Доз, Кін, Мас, Прынеслік, Кашаедаў, Плясун, Курносенка, Ганьба?
Дамашнія заданні
- У Нароўлі здаўна працуе кандытарская фабрыка “Чырвоны мазыранін”. Ці каштавалі вы яе салодкую прадукцыю – цукеркі “Кароўка”, мармелад, зефір?
- Якія помнікі бронзавага і жалезнага вякоў адкрыты на тэрыторыі Нараўлянскага раёна?
Нараўлянская зямля – радзіма вядомага вучонага-псіхолага Якава Каламінскага, паэта Давіда Сімановіча, доктара медыцынскіх навук Івана Дуды, мастака Мікалая Цімошанкі.
Уладзімір Ліпскі