Хатнія памочнікі
Разагрэе за хвіліну
Калдуны і смажаніну,
Прыгатуе спрытна, лоўка
Нам усё мікрахвалёўка!
- Пральная машына
Кашулі, штонікі, сурвэткі,
Прасціны, майкі і шкарпэткі
І палатна на пяць аршынаў
Памые пральная машына!
- Лядоўня
У кухні ёсць такая схоўня –
У нас яе завуць лядоўня.
Прадукты там жывуць цудоўна.
Лядоўня – снежная князёўна!
- Электрачайнік
Захочаш чаю – цісні кнопку,
Ён ускіпае нетаропка.
Калі ж пачуеш свіст адчайны –
Адключыцца электрачайнік.
- Тэлевізар
Глядзі – на паўсцяны бамбіза,
Вялізны плоскі тэлевізар.
Але ж адзначу я без жартаў,
Я з ім нібы ў кінатэатры!
- Пыласос
Я не сівер, не буран,
Не віхура, не ўраган.
Хоць часамі я і выю, —
Не жахайцеся, малыя.
- Кавамашына
Прапаную гасцям я ласкава:
– Можа быць, вы жадаеце кавы?
Зварыць каву для вас хутка, чынна
Наша новая кавамашына!
- Тостар
Бутэрброд заўсёды смачны,
А калі яшчэ гарачы!
Хлеб падсмажаны – ды проста!
Гэта добра робіць тостар!
- Прас
Ён працаўнік, што гаварыць,
На рабоце аж гарыць,
І коўдру, і абрус для нас
Старанна адпрасуе прас!
- Кухонны камбайн
Камбайн наш бульбу не ўбірае,
Дзярэ, сячэ і абірае.
І розных справаў процьму робіць,
Усіх і поіць ён, і корміць.
- Мультыварка
Хочаш суп – у чым пытанне!
Ці рагу, ці кашу ўранні.
Прыгатуе смачна, шпарка
Што захочаш мультыварка!
- Мясарэзка
У яе характар дзёрзкі,
З ёй не баўся без дарослых,
Зумкае, віскоча рэзка
Як працуе мясарэзка.
- Блэндар
Бяры хоць бручку, хоць арэх,
Усё ў пюрэ ён ператрэ,
Кактэйлі, мусы без гавэнды
Прыгатаваць паможа блэндар.
14. Пасудамыйная машына
Яна памые, што заўгодна:
Патэльню, кубак, сподак
І ўсё кухоннае начынне –
Пасудамыйная машына.
15. Тэхніка ў кватэры
Сёння ў хаце шмат прыладаў,
І прыбораў, і машын.
Вось ад Бусі вам парада:
– Асцярожней, малышы!
Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ-ШЫЛОВІЧ