Азбука агарода
Аднойчы на дачы Маша і дзед пачалі гуляць у школу. Маша – вучаніца. Дзед – настаўнік. Маша ўзяла сшытак, ручку, села за столік, які стаяў на вуліцы пад адкрытым небам, і тут да яе падышоў настаўнік:
– Напішы, Маша, літару А.
Маша хуценька намалявала зверху ўніз дзве ножкі, перакрэсліла іх рыскай, атрымалася А. Думала, ёй ужо за гэта будзе пастаўлена адзнака. Але настаўнік даў новае заданне:
– Цяпер, Маша, пахадзі па агародзе і адшукай, што там расце на літару А.
Маша ахвотна пабегла шукаць патрэбную літару А. Дарослыя – бабуля, мама, тата, брат Антон – цярпліва чакалі: з чым вернецца Маша?
Праз колькі хвілін яна, радасная і вясёлая, ускочыла ў дворык, пачала выгукваць:
– Агрэст… Агуркі… Ажына… Алыча… Абляпіха… Астры…
Дзед-настаўнік пахваліў вучаніцу і аб’явіў:
– Маша, ты – выдатніца!
Вучаніца ўсміхнулася і тут жа прапанавала:
– Давайце, настаўнік, напішам цяпер літару Б.
– Я згодзен. Пішы.
Маша лёгка справілася і з гэтым заданнем. А як толькі напісала літару, паднялася з табурэціка і зноў знікла за жоўта-зялёным домікам. На гэты раз яна прынесла новыя адкрыцці. Аказваецца, на бабуліным агародзе растуць на літару Б – бульба, буракі, бручка, боб, буякі…
Настаўнік узнагародзіў сваю кемлівую вучаніцу падарункам:
– За літару Б, Маша, атрымлівай банан, булку.
Гульня вельмі спадабалася Машы. Яна адшукала ў агародзе на літару В – вішню і вінаград, на літару Г – гарбуз, гарох, грушу, на літару Д – дыню і дрэва-арэх…
На гэтым школьны ўрок і закончыўся. Маша стамілася. Не так проста вывучаць азбуку агарода. Яшчэ складаней яе вырошчваць.
А цяпер, сябры, усе, каму спадабалася Машына азбука, хто збіраецца ісці ў сапраўдную школу, атрымайце хатняе заданне. Паспрабуйце напісаць у сваім сшытку астатнія літары беларускага алфавіту. І прыгадайце агародныя, садовыя расліны, дрэвы на гэтыя літары.
Маша з дзедам таксама думаюць.
Уладзімір ЛІПСКІ
Вельмі чудоўны твор атрымаўся