Папугайчык Грыша
Мае прыгоды
Тры гады назад майму старэйшаму брату Даніку на дзень нараджэння падарылі хвалістага папугая. Мы назвалі птушачку Грышам. Грыша вельмі прыгожы. Тулава ў яго блакітнае, а крылы чорна-белыя. Ён любіць лятаць па хаце, качацца на люстрах і шторах, глядзецца ў люстэрка, размаўляць сам з сабою. Нават танцаваць умее: калі чуе рытмічную музыку, пачынае разгойдвацца на адным месцы і ківаць галавой. Грыша гуляе з намі ў розныя гульні. Асабліва любіць “Лега”: раскідвае рознакаляровыя дэталі магнітнага канструктара, круціць спінэр, дурэе з маленькімі цацачнымі фігуркамі і нешта ім вуркоча, бы коцік. Відаць, расказвае казкі.
Аднойчы мы вярнуліся са школы і доўга не маглі знайсці свайго крылатага сябра. Аказалася, ён сядзеў у вялікім кардонным замку і гуляўся там з маленькімі салдацікамі. Пакуль нас не было, міралюбівы Грыша амаль ва ўсіх воінаў падзяўбаў папяровую зброю. Зараз папугай не такі жвавы, бо адчувае, што хутка зіма. Ён болей спіць і есць, часта стаіць на адной лапцы і хавае галоўку пад сваё мяккае крыло.
Дзіма ЛАТОШ, СШ № 1 г. Лагойска, 4 клас