Чараўніца Дзіва
Жыла-была дзяўчынка Дзіва. Яна была вясёлая, добрая, складала вершы, што прыходзілі да яе ў снах.
Іх нашэптвала чараўніца, вельмі падобная да бабулі Валі. Дзіва ніколі не бачыла бабулю, але аднойчы, калі была яшчэ зусім маленькая, прыйшла да яе на магілу і, зірнуўшы на партрэт, пазнала чараўніцу са сваіх сноў.
Чараўніца казала, што вершы дзяўчынкі маюць магічную сілу. Але Дзіва іх нікому не чытала. Баялася, каб чаго лішняга не здарылася.
Аднойчы ў двары з’явіўся новы хлопчык Лёкса.
Ён здзекаваўся з сінічкі: прывязаў да яе лапак вяровачку і падкідаў ўверх бедную птушку, маўляў, ляці! А сам не адпускаў яе і гучна рагатаў.
Раззлавалася Дзіва і, нечакана для сябе самой, праспявала:
Я – птушка ў высокім палёце!
Пралячу над полем, лесам і лугамі,
сінявокай рэчкай, шэрымі гарамі.
У паветры чыстым шчасце я адчую,
вышыні празрыстай я жыццё пачую.
І раптам у двары загуў дзівосны нейкі вецер. Парвалася вяровачка, і сінічка стала вольнай.
А што здарылася з Лёксам?
Ён знік.
Вецер быў такі моцны, што падняў у двары ўсё кастрычніцкае ляжалае лісце. Яно абляпіла хлопчыка з галавы да пят, закружыла і што ёсць сілы падкінула ўгару.
Але ці ж гэта Лёкса там лётае?
Не! Самы сапраўдны паветраны змей! Прыгожы, вялікі, яркі, са смешна намаляваным тварам, як у Лёксы, і ў такой самай рудой куртцы.
– Глядзіце, які ён файны! Лаві! Запускаць будзем! – папрыбягалі дзеці.
Дзіва з усмешкай назірала, як увесь двор гуляўся з новай цацкай. Тузалі змея за рознакаляровыя вяровачкі, спакою яму не давалі.
Дзесьці ўвышыні пачулася ціўканне сінічкі.
Хоп! І птушачка ўжо на плячы ў дзяўчынкі сядзіць.
– Пайшлі, пачастую цябе смачным! – сказала Дзіва.
Валярына КУСТАВА