“Вясёлка” ў Кітаі
Часопісы “Вясёлка” і “Буся” былі запрошаны на Пекінскую міжнародную кніжную выставу ў Кітай. Гэта велізарная краіна. А насельніцтва Кітая б’е ўсе рэкорды – 1,3 мільярды чалавек, найбуйнейшая па колькасці дзяржава ў свеце. Краіна размешчана ва Усходняй Азіі, большасць насельніцтва – этнічныя кітайцы. Гісторыя Кітая налічвае звыш чатырох тысяч гадоў.
Мы пішам словы, якія складаюцца з літар. У кітайцаў не словы з літар, а іерогліфы – знакі, якія абазначаюць словы.
Сёння ў Кітаі больш чым за 500 выдавецтваў, каля 300 з іх выпускаюць толькі дзіцячыя кнігі і часопісы. На міжнародным кніжным форуме было больш за дзве тысячы экспанатаў амаль са ста краін свету. На беларускім стэндзе мы арганізавалі і правялі прэзентацыі часопісаў “Вясёлка” і “Буся”. Прэзентавалі сумесны беларуска-кітайскі праект часопіса “Вясёлка” пра гісторыю і культуру Кітая.
Для многіх кітайцаў не існуе разумення таго, што ў свеце ёсць іншыя мовы, акрамя кітайскай. У большасці сваёй яны ўпэўнены, што вы іх зразумееце, калі яны вам скажуць што-небудзь некалькі разоў. Усвядоміўшы, што вы іх не разумееце, яны будуць рады паўтарыць усё сказанае пісьмова. Спачатку напішуць “закавыку” на далоні. Калі і ў гэтым выпадку яны пераканаюцца, што вы іх не разумееце, – яны напішуць усё, што хацелі сказаць, іерогліфамі на экране мабільнага тэлефона і пакажуць вам. А потым зноў паспрабуюць усё растлумачыць на словах, пальцах. Кожны раз кітаец будзе зазіраць вам у вочы, каб убачыць хоць трошкі разумення. Потым вас пашкадуюць, падумаўшы, што вы настолькі дрэнна вучыліся ў школе, што не змаглі вывучыць ніводнага іерогліфа.
Запомніце, 10 па-кітайску – гэта два ўказальныя пальцы, што ўтварылі крыж. Наогул, пажадана вывучыць кітайскую сістэму жэстаў, якія абазначаюць лічбы. Усе лічбы да 10 можна паказаць пальцамі адной рукі, а далей да 100 – дзвюх рук.
Для кітайцаў юань – гэта кітайская назва адзінкі любой валюты. Афіцыйная назва кітайскіх грошай – жэньміньбі, а неафіцыйная, у народзе, – квай.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ