Дамавічкі і моўная неспадзяванка
Дзея 1.
Вясковая хата: буйная печ, лава, стол.
Уваходзіць СТАРЫ ДАМАВІК.
СТАРЫ ДАМАВІК (гледачам). На вёсцы ў кожнай хаце жыве дамавік. А ў сяле Зарэчча ў дамку на ўскраіне іх двое – дамавічок Шушык і дамавушка Жуля. Шушык сочыць за парадкам, а Жуля – гультаяватая гарэза… Аднойчы Шушык вырашыў, што трэба вучыць іншыя мовы, каб лепей свет спазнаць. Што з гэтага атрымалася, глядзіце самі. (Сыходзіць.)
З печы злазіць ШУШЫК, трымае ў лапах падручнік з бяросты.
ШУШЫК (зазіраючы ў падручнік). Мяў-мяў… Гэта сабачая гаворка?.. Не! Каціная!.. А іго-го?.. Гусіная?.. Не! Конская!.. А га-га-га? (З печы выглядвае ЖУЛЯ.) Ці ведаеш, як размаўляюць куры? Ко-ко-ко!
ЖУЛЯ. Якая нам карысць з іншых моваў? Хадзем лепей гуляць!
ШУШЫК. Ат, Жуля, не кажы! Калі сустрэну сабаку і павітаюся з ім па-сабачы, ён не ўкусіць… Гусак не ўшчыкне. Конь не затопча… Бо калі ты разумееш іншых, а яны – цябе, то свет становіцца больш спагадным… Ці ведаеш, што азначае па-авечы “ме-ме”?
ЖУЛЯ. Не ведаю і ведаць не хачу! Няхай жывёлы вывучаюць мову дамавікоў, калі ім трэба! Для добрага жыцця мне і сваёй гаворкі хапае! (Сыходзіць.)
ШУШЫК (зазіраючы ў падручнік). Рох-рох… “Вітаю, свінні!”… Іго-го… “Як маецеся, коні?”… “Ку-ка-рэ-ку”… “Сонца ўзышло!” (Сыходзіць.)
Дзея 2.
Вясковы двор: калодзеж, брама, будка, каля якой сядзіць САБАКА.
Уваходзіць ЖУЛЯ.
ЖУЛЯ. Для Шушыка час навучання цягнецца доўга. А для мяне час прагулянкі мінае хутка… Чаму б не зазірнуць у калодзеж? Хачу пабачыць, як адлюструецца ў вадзе мая прыгажосць… (Перагінаецца цераз край калодзежа, губляе раўнавагу, ляціць уніз.) Ратуйце!..
САБАКА. Што там пішчыць гэтая дамавушка?.. Нашто палезла купацца ў калодзеж?
Уваходзіць ШУШЫК.
ШУШЫК. Гаў-гаў-гаў! Га?
САБАКА. І я цябе вітаю, дамавічок.
ШУШЫК. Ці бачыў, дружа, маю сяброўку? Падзелася кудысьці… Пытаўся ў кошкі, у свінні, у каня, але яны яе не бачылі…
САБАКА. Кульнулася твая сяброўка ў калодзеж.
ШУШЫК (зазіраючы ў калодзеж). Жуля! Як ты?
ЖУЛЯ (знямогла). Іду на дно…
ШУШЫК круціць калодзежны барабан, да якога прымацаваны ланцуг з вядром.
ШУШЫК. Трымайся за вядро! (Знясілена) Ты вельмі цяжкая. Не сілую… (САБАКУ) Гаў-гаў! Гаў?
САБАКА. Чаму б і не дапамагчы?
ШУШЫК і САБАКА выцягваюць ЖУЛЮ.
ЖУЛЯ. Дзякуй вялікі!
САБАКА (ШУШЫКУ). Што яна кажа?
ШУШЫК. Гаў-гаў!
САБАКА. Няма за што. (Сыходзіць у будку.)
ШУШЫК. Хадзем дадому, Жуля. Табе трэба сагрэцца.
ЖУЛЯ. Як высахну, буду разам з табой мовы вучыць. Цяпер я пераканалася, што ты меў рацыю.
ШУШЫК і ЖУЛЯ сыходзяць.
Заслона.
Ягор КОНЕЎ