Мусік
Сёння мой сябар Пашка прыйшоў у школу шчаслівы:
– Мне падарылі кацяня. Мусік такі маленькі і прыгожанькі. Здаецца, увесь бы дзень яго лашчыў.
Цэлы тыдзень Пашка захоплена расказваў пра гадаванца.
Але аднойчы хлопчык прыйшоў засмучаны. На перапынку трымаўся асобна, на пытанні адказваў неахвотна.
Дамоў мы ішлі не спяшаючыся. Пашка прызнаўся, што Мусік нарабіў шмат шкоды, і бацькі хочуць адвезці яго да бабулі.
– Дык што ён нарабіў?
– Скінуў вазон, падраў кнігу, пабіў любімы кубак таты…
Дома я расказаў пра Пашкава няшчасце.
– Трэба з Мусікам сур’ёзна займацца! – сказала сястра.
– Гэта як?
– А вось паглядзім, як трэба выхоўваць катоў, – і адкрыла старонку ў інтэрнэце.
Вось што мы там пабачылі:
Кот слухаецца толькі аднаго чалавека – гаспадара. Прыгледзься, да каго ў сям’і ён найбольш прыхільны. За добра выкананую каманду давай коціку з рукі што-небудзь смачненькае, мяккае і невялікіх памераў (кавалачкі курыцы, сыр).
1. Скокі па камандзе “ап”.
а) пасадзі ката на крэсла б) пакладзі на тумбачку смачнае.
в) як толькі пераскочыць, скажы “ап”, пахвалі і пакладзі цяпер ужо на крэсла новы пачастунак, кот ізноў скача г) зрабі падманлівы рух, як быццам паклаў новы кавалачк д) паўтары дзеянне, але смачнае давай ужо з рукі.
2. Дай лапку
а) вазьмі лапку ў руку, злёгку сцісні і скажы гэту каманду роўным голасом б) пачастуй в) паўтарай, пакуль кот не пачне сам даваць лапу.
3. Сядзець
а) пакажы кату смачнае б) калі падыдзе, злёгку падымі руку в) дзякуючы будове цела, кату давядзецца прысесці, каб узяць пачастунак. У гэты момант скажы каманду і пахвалі.
4. Стаяць
Робіш тое самае, што і ў папярэднім пункце, толькі руку з пачастункам падымай вышэй, каб кот стаў на заднія лапы.
Назаўтра я расказаў пра гэта Пашку. Мой сябар адразу павесялеў. Ён пачаў настойліва займацца з Мусікам, і праз нейкі час коцік перастаў шкодзіць, стаў выхаваным і паслухмяным.
Аліна АНЦЫТОВІЧ