Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
***
Жыў-быў некалі на Беларусі
збіральнік слоў – Іван Насовіч.
Зачаўся ў вёсцы Гразівец,
у сям’і псаломшчыка.
Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі.
Пасля і сам пачаў вучыць дзяцей.
За 57 зямных гадоў мовазнавец
багата дзе працаваў, вандраваў.
Нямала напісаў твораў.
А ўславіў, увекавечыў імя
ў “Слоўніку беларускай мовы”.
Сабраў у ім звыш 30 тысяч
слоў жывой, тутэйшай мовы.
Паслухаем вобразныя, ёмкія,
з дужа смачным начыннем
слоўкі нашых продкаў:
бачэлкі, вочухны – вочы;
будзька – той, хто будзіць;
вілахвост – ліслівец, падліза;
выляжанка – гультайка;
гігі – смех, гаварня – размова;
заглядуха – прыгожая дзяўчына…
А цяпер самі дакумекайце,
што азначаюць словы:
кандыба, коўзель, курняўкала,
ніцы, нахмура, вякала,
сярбайла, пройда, свінтух?..
Мова нацыі – пасол яе душы.
Мова – скарб, багацце, лекі,
зброя, голас народа.
Вось што напісаў пра мову
народны паэт Каўказа
Расул Гамзатаў у кнізе “Мой Дагестан”:
“У гарах пазбаўляецца павагі
той чалавек, які не паважае
родную мову…
І калі заўтра мая мова знікне,
то я гатовы памерці сёння…”
***
Наша сямідзёнка – тыдзень.
Ён пачынаецца з першага
рабочага дня – панядзелка,
пасля нядзелі, за выхадным.
Для некаторых гэты дзень – цяжкі,
перастыкоўка з адпачынку на працу.
Але ж Беларусы і тут наватары –
уключаюць рабочыя навігатары.
Аўторак – паўторак дня тыдня.
Серада – сярэдзіна рабочай вахты.
Чацвер – чацвёрты,
Пятніца – пяты, заключны
зарплатны дзень.
Урэшце, адпачынак!
Суботай мы не ходзім на работу.
Нядзелю не дзелім на тое
што б шкодзіла сустрэчы
з храмам, кнігай, прыродай.
Мільгаюць дні, тыдні, гады.
Беларусы вымольваюць для сябе і дзяцей:
каб кожны Божы дзянёчак
быў у радасць,
каб кожны міг зямнога раю
быў святочным.
І ў дні выхадныя,
і ў дні рабочыя!
***
Мая Беларусь!
Твой сын Кастусь Каліноўскі
пражыў усяго 26 гадоў.
Хто ён?
Кіраўнік паўстання ў 1863-64 гг.
Рэдактар газеты “Мужыцкая праўда”.
Мысліцель, публіцыст, паэт.
А галоўнае – Чалавек, Асоба.
Што ён хацеў, чаго жадаў?
За што аддаў жыццё?
Каб Беларусь была незалежнай,
каб мела праўдзівую волю,
а народ беларускі –
багатае існаванне і добрую славу.
Дык усяго гэтага
мы і цяпер дамагаемся,
але не паўстаннем,
а мірам, згодай, упартасцю.
Толькі давайма, дзецюкі,
не спяшацца на гару Славы.
Хай прыкладам служыць
наш Кастусь Каліноўскі.
Пра яго ёсць фільмы,
оперы, вершы, паэмы, аповесці.
Ён жа перад смерцю
напісаў для нас верш-просьбу:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе,
І часам спамяні пра Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
Уладзімір ЛІПСКІ
Дзякуй! Заўсёды чытаю працяг аповесці. Душэўна!